Лента новостей СМИ о Референдуме

На рэферэндум патрэбны пытанні ад людзей, а не прыдуманыя на нарадах у Лукашэнкі

21 Ноября 2013, 15:55
619 просмотров, 0 комментариев

Пра гэта гаворыцца ў заяве ініцыятараў кампаніі па правядзенні "Народнага рэферэндуму".

Яны прынята ў сувязі з паведамленнем намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Мацкевіча пра магчымае правядзенне рэферэндуму ў Беларусі.

19 лістапада на нарадзе ў Лукашэнкі па пытанні ўдасканалення дзейнасці судоў і органаў юстыцыі Міцкевіч падкрэсліў, што аб'яднанне агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі магчымае без папярэдняй карэкціроўкі Канстытуцыі, але з наступным яе змяненнем у частцы выключэння згадвання пра Вышэйшы гаспадарчы суд. Пры гэтым раздзел асноўнага закона, у якім знаходзіцца шэраг артыкулаў, што падлягаюць карэкціроўцы, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.

"Мы ўпэўненыя ў тым, што Беларусі патрэбен рэферэндум, і народным ён будзе толькі тады, калі на яго будуць вынесены пытанні, сфармуляваныя самімі людзьмі, а не прыдуманыя на бессэнсоўных нарадах у Лукашэнкі. Мы працягнем працу над фармуляваннем пытанняў і прасоўванні ідэі рэферэндуму, а таксама маем намер выкарыстоўваць мясцовыя выбары для збору подпісаў у яго падтрымку", — заявілі ініцыятары "Народнага рэферэндуму".

Паводле іх меркавання, "перахапіць ідэю рэферэндуму немагчыма, бо яна зыходзіць ад большасці беларусаў". "Народ добра разумее, якія пытанні сёння неабходна вырашаць, і яны будуць сфармуляваныя ў межах "Народнага рэферэндуму". Спробы падмяніць інтарэсы людзей інтарэсамі чыноўнікаў толькі павялічаць бездань паміж уладай і грамадствам", — лічаць яны.

Ініцыятары "Народнага рэферэндуму" адзначаюць, што "стомленая ўлада не здольная сумленна гаварыць аб праблемах, прапаноўваць шляхі іх вырашэння. Мадэрнізацыя правалілася не пачаўшыся, людзей ашукваюць наконт дэвальвацыі і эканамічнай сітуацыі ў краіне".

"Замест таго каб падтрымліваць эканамічную ініцыятыву, абараняць сем'і, прызнаваць правы грамадзян удзельнічаць у прыняцці дзяржаўных рашэнняў, урад думае толькі пра тое, як праз чарговыя паборы дастаць з кішэні народа грошы на абсурдныя праекты, якія не працуюць. Вынікам гэтых дзеянняў стала тое, што Беларусь не з'яўляецца сёння надзейнай дзяржавай, якая паважае сваіх грамадзян", — падкрэсліваецца ў заяве.

Менавіта таму, лічаць ініцыятары "Народнага рэферэндуму", паводле апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва) 52% беларусаў 6 месяцаў таму выказаліся ў падтрымку правядзення ў Беларусі "новага рэферэндуму па ключавых пытаннях, якія не здольная і не жадае вырашаць улада. За апошнія шэсць месяцаў няпэўнай сацыяльна -эканамічнай палітыкі гэта лічба стала большай".

Кампанія "Народны рэферэндум" ініцыяваная Рухам "За Свабоду", грамадзянскай ініцыятывай "Гавары праўду!" і Партыяй БНФ у маі гэтага года. Пазней да іх далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу. //БелаПАН

Последние новости