Зменяць Канстытуцыю, а пасля спытаюць у народа
 |
20 Ноября 2013, 19:42
1011 просмотров, 0 комментариев
Лукашэнкаўцы загаварылі пра новы рэферэндум.
|
Гаворка пакуль пра фармальнасць: зменаў у асноўны закон вымагае задуманая рэформа сістэмы судоў. У прыватнасці, Адміністрацыя прэзідэнта мае намер скасаваць Вярхоўны гаспадарчы суд і злучыць ягоныя функцыі з функцыямі Вярхоўнага суда. У той жа час абласныя гаспадарчыя суды захаваюцца, але будуць перайменаваны ў эканамічныя суды. Паводле словаў намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказнага за заканатворчасць, Валерыя Міцкевіча, прапановы абмеркаваны з усімі зацікаўленымі структурамі, падрыхтаваны праекты трох заканадаўчых актаў: дэкрэта і двух указаў. На думку Міцкевіча, рэформа дасць магчымасць уніфікаваць судовую практыку, забяспечыць аднастайнае тлумачэнне і прымяненне ўсімі судамі нормаў матэрыяльнага права. У Вярхоўным судзе прапануецца ўстварыць судовую калегію па эканамічных справах, якую ўзначаліць намеснік старшыні Вярхоўнага суда. А кваліфікацыйныя калегіі суддзяў аб'яднаюць у сабе паўнамоцтвы дзейных сёння асобных кваліфікацыйных калегій агульных і гаспадарчых судоў. Новая сістэма будзе дапасавана да пабудовы судовых сістэм Расіі і Казахстана. Валерый Міцкевіч падкрэсліў, што аб'яднанне агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі магчыма без папярэдняй карэкціроўкі Канстытуцыі, але з далейшым яе змяненнем у частцы выключэння ўпамінання аб Вышэйшым гаспадарчым судзе. Пры гэтым раздзел асноўнага закона, у якім знаходзіцца шэраг артыкулаў, што падлягаюць карэкціроўцы, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму, цытуе яго афіцыйнае агенцтва БелТА. Адметна, што мяркуецца спачатку змяніць Канстытуцыі, адзначае "Наша ніва", а пасля спытаць дазволу на гэта ў насельніцтва.
|
|