Юрась Губарэвіч: Надзённыя пытанні, а не тэма палітыкі адчыняюць нам дзверы
 |
09 Ноября 2013, 17:34
622 просмотра, 0 комментариев
Сцэнары Плошчаў падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбарчых кампаній не спрацавалі, бо апазіцыя не мела належнай падтрымкі грамадства.
|
Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” на сходзе актывістаў арганізацыі, які праходзіць 7-9 лістапада пад Мядзелам. “Мы павінны не спадзявацца на вылучэнне адзінага кандыдата, нібыта гэта цудадзейны сродак, а працаваць на пашырэнне электаральнай базы, што дазволіць адзінаму перамагчы падчас галасавання і пры патрэбе адстаяць перамогу”, - сказаў Юрась Губарэвіч. “Трэба патлумачыць людзям, што будзе, калі памяняецца ўлада. Важна не тое, хто прыйдзе, а што ён будзе рабіць: як зменіцца жыццё, што станецца з эканомікай. “Народная праграма” якраз мела мэтай даць адказы на комплекс пытанняў – у сацыяльнай сферы, якая найбольш хвалюе народ, наконт палітычнага ладу, геапалітычных адносін. 49 кандыдатаў пайшлі з ёй на парламенцкія выбары ў мінулым годзе – гэта амаль палова выбарчых акругаў. У нейкай ступені на грунце “Народнай праграмы” паўстала ініцыятыва “Народны рэферэндум”, якая канцэнтруецца на пяці пытаннях з прапановай да людзей гуртавацца дзеля дасягнення пераменаў”, - адзначыў першы намеснік старшыні Руху. “Стаўка ў паездках па Беларусі, а ініцыятары “Народнага рэферэндуму” наведалі ўжо 40 гарадоў, робіцца на размовы з простымі людзьмі, чым апазіцыя звычайна займаецца толькі ў перыяд выбараў. У выніку і рэйтынг яе цяпер рэкордна знізіўся. Вельмі важна, што мы імкнемся гаварыць менавіта аб праблемах, якія хвалююць народ, а не пра барацьбу дэмакратычных сілаў з рэжымам. Абыход кватэр у Мінску паказаў, што менавіта такія надзённыя пытанні, а не тэма палітыкі адчыняюць нам дзверы, менавіта тады людзі кажуць, што падтрымаюць, як прыйдзе час, “Народны рэферэндум”, - сказаў Губарэвіч. Мэтай ініцыятывы ён назваў збор 500 тысяч подпісаў у яе падтрымку ў выніку абыходу 1,5 мільёна беларускіх сем’яў. “Часта даводзіцца чуць, што ўлада не пойдзе на правядзенне рэферэндуму, не зарэгіструе ініцыятыўную групу. Хутчэй за ўсё, так. Але калі ў нас будзе паўмільёна подпісаў – гэта створыць іншую сітуацыю!” – перакананы Юрась Губарэвіч.
|
|