Лента новостей Аналитика

Губарэвіч: Еўразійскі саюз можа стаць кропкай незвароту

30 Октября 2013, 21:42
446 просмотров, 0 комментариев

Першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч выступіў з прамовай падчас міжнароднай канферэнцыі "Стратэгіі будучай палітыкі ЕС датычна Беларусі", што прайшла ў Вільні 28-29 кастрычніка.

Юрась Губарэвіч у сваім выступе прааналізаваў беларуска-еўрапейскія стасункі і выказаў пазіцыю Руху "За Свабоду" адносна іхніх перспектываў.

"Аляксандр Лукашэнка ўдала прымяняў апошнім часам палітыку геапалітычнага ківача, аднак поле гэтага ківача ўсё звужаецца", - заявіў Губарэвіч.

Хуткім часам павінна адбыцца падпісанне дамовы пра стварэнне Еўразійскага саюзу, што сур'ёзным чынам адаб'ецца на ўдзеле у праграмах ЕС. Наогул будзе вызначацца лёс Беларусі, кажа першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду".

І гэта, паводле яго перасцярогаў, "можа стаць кропкай незвароту".

Палітыка афіцыйнага Мінска простая датычна і Захаду, і Масквы, адзначыў Губарэвіч: мець ад іх як мага болей сродкаў на выратаванне неэфектыўнай эканомікі і пры гэтым пазбягаць дзеянняў, што могуць пагражаць утрыманню ўлады ўнутры краіны.

"Ад Еўрасаюзу часта можна пачуць, што мяч на баку Лукашэнкі, - сказаў Губарэвіч. - Але ён не футбаліст, а хакеіст. Замест пасу, як нярэдка было, б'е клюшкай па галаве".

Афіцыйная прапаганда працуе супраць ЕС, альтэрнатыўныя пазіцыі ў дзяржаўных СМІ папросту не агучваюцца, але і пры гэтым у Беларусі 40-45% насельніцтва з праеўрапейскімі настроямі.

На думку Губарэвіча, гэта - сіла, і Лукашэнка вымушаны лічыцца з ёй. Адзін з кіраўнікоў Руху "За Свабоду" згадвае выпадкі, калі ўладам даводзілася адкручваць назад непапулярныя меры ці адмаўляцца ад намераў здзейсніць непапулярныя меры ва ўмовах масавага абурэння. Свежы прыклад - гісторыя са 100 доларамі мыта за выезд за мяжу.

Задача ЕС, лічыць Юрась Губарэвіч, - узбуйняць шэрагі беларусаў-праеўрапейцаў, ідучы ім насустрач. Менавіта гэта можа паспрыяць пераменам у Беларусі, а не санкцыі: па-першае, пра паўнавартасныя санкцыі ўсе 28 краін ЕС наўрад ці дамовяцца, па-другое, размовы пра санкцыі забіваюць ініцыятыўнасць і даюць беларускім дэмакратам уяўную надзею, што "праблема Лукашэнкі" вырашыцца звонку.

"Размовы пра санкцыі вядуцца гадамі, выніку - няма", - рэзюмуе Губарэвіч.

На яго думку, перспектыва - у пазітыўных прапановах Еўрасаюзу для пашырэння колькасці праеўрапейскіх беларусаў і падтрымцы Еўрасаюзам пазітыўных прапановаў унутры нашай краіны. Прычым ЕС гэта можа рабіць у аднабаковым парадку, калі беларускія ўлады ўхіляюцца ад дыялогу. Гаворка і пра спрашчэнне візавага рэжыму, і пра маладзёжныя адукацыйныя праекты, і пра падтрымку грамадзянскай супольнасці.

Юрась Губарэвіч згадаў на віленскай канферэнцыі пра ініцыятыву "Народны рэферэндум", у межах якой лідары Руху "За Свабоду" разам з партнёрамі з Партыі БНФ і кампаніі "Гавары праўду" аб'ехалі ўжо больш за 30 гарадоў.

"Большасць людзей, з якімі мы гаварылі, выступаюць за паляпшэнне адносін з Еўропай, за еўраінтэграцыю. Хаця тое і не самае прыярытэтнае пытанне, бо хапае іншых праблем. Гэта тая актыўная і ў асноўным маладая частка грамадства, якая будзе вырашаць лёс Беларусі на першых дэмакратычных выбарах пасля Лукашэнкі", - заявіў Юрась Губарэвіч.

Последние новости