Лента новостей Мероприятия

"Народны рэферэндум" у Глыбокім

26 Октября 2013, 10:51
891 просмотр, 1 комментарий

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і намеснік старшыні “Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч наведалі 25 кастрычніка Глыбокае. Палітыкі пагаварылі з глыбачанамі на Хітрушцы.

Ініцыятыву правесці “Народны рэферэндум” абвесцілі Партыя БНФ, “Рух “За Свабоду”, кампанія “Гавары праўду”. Паводле задумы палітыкаў, на рэферэндуме народ павінен вырашыць самыя важныя для краіны пытанні. Каб даведацца, што хвалюе народ і якія пытанні варта вынесці на рэферэндум, палітыкі ездзяць па рэгіёнах і размаўляюць з людзьмі.

Каб пагутарыць з глыбачанамі, мінскія палітыкі разам з глыбачанінам Яраславам Берніковічам, сябрам “Руху За Свабоду” і кампаніі “Гавары праўду!”, прыйшлі на Хітрушку – рынак у цэнтры Глыбокага.

Улётка

Гандлярка кашалькамі і штучнымі кветкамі Людміла Барэйка, чакаючы пакупнікоў, гартала свежы нумар “Народнай волі”. Прадпрымальніца адразу пазнала Губарэвіча і Янукевіча: “Як жа! Чытаем “Народную волю”, “Белсат” глядзім, адтуль чэрпаем усю інфармацыю”. Спадарыня Людміла распавядае палітыкам пра складанасці, з якімі сутыкнулася, спрабуючы пабудаваць гандлёвы павільён. Прайшла суды, пракуратуру – і дагэтуль гандлюе ў палатцы.

Гандлярка

Гаворка пайшла пра адсутнасць выбараў мясцовай улады, пра фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах... “Спадзяемся, што разам мы памяняем краіну!”, аптымістычна сказаў на развітанне Янукевіч.

Медыцына і міліцыя

Аляксей Янукевіч падыходзіць да іншай гандляркі, голасам спрактыкаванага агітатара распавядае пра ідэю “Народнага рэферэндума”, запытвае ў жанчыны, якія праблемы варта вынесці на агульнае абмеркаванне.

“У нас няма медыцыны! Урачоў у паліклініцы не хапае: акуліста няма, да гінеколага не трапіць, да педыятра можна з васьмі да трох гадзін прасядзець і не трапіць”, - распавядае жанчына. – “Звярніся ў міліцыю – дык цябе зробяць вінаватым! На рынку збілі майго сына. Я заступілася – арыштавалі мяне, яго, зрабілі вінаватымі, а чалавек, які пачаў бойку, аказаўся невінаватым”.

Каля брамы рынка заўважаю падпалкоўніка Віктара Адамовіча, намесніка начальніка Глыбоцкага РАУС. Няйнакш, наглядае за апазіцыяй – праца ў яго такая. Размаўляць з палітыкамі Адамовіч не пажадаў – стаяў воддаль, назіраў з адлегласці пяцьдзясят метраў.

Дзе шанец большы

Юрась Губарэвіч падыйшоў да жанчыны, якая распаўсюджвае білеты “Суперлато”. “Хочаце білет набыць?” – жартам пытаюся ў палітыка. – “Тут шанец выйграць большы, чым на лукашэнкаўскіх выбарах”, кажа на гэта Губарэвіч.

“Некаторыя ў нас выйграюць і па сто мільёнаў, адзін чалавек машыну выйграў”, - пацвярджае гандлярка меркаванне Губарэвіча. Сапраўды, шанец большы, чым на выбарах.

“Нам трэба правесці новы рэферэндум, які вызначыць будучыню нашай краіны”, - завёў размову Юрась Губарэвіч, падыйшоўшы да прадпрымальнікаў, якія гандлююць адзеннем.

Гандляры адразу нагадалі пра фальсіфікацыі выбараў. Ніхто з іх не верыць дзеючай уладзе, ніхто не выказвае сімпатый да Лукашэнкі. Ахвотна бяруць пачытаць улёткі. Аднак прапановы дэмакратычнага руху яны ўспрымаюць без аптымізму, не спадзяюцца на перамены.

Хто ў плот, а хто ў гарод

“Скажыце, што нам рабіць з сертыфікацыяй”, – просіць парады адна з гандлярак. Мяняецца заканадаўства, і пасля 1 лістапада трэба мець сертыфікат на кожную партыю адзення. Дробных прадпрымальнікаў, якія набываюць адзенне малымі партыямі, гэта давядзе да страты бізнэсу.

На рынку

На рынку

“Трэба праяўляць салідарнасць. Рабіце забастоўку. Калі ўсе не выйдуць на працу, улада будзе вымушаная адступіць”, - раіць гандлярам Янукевіч. Палітык нагадаў пра чэрвеньскі страйк прадпрымальнікаў, пасля якога ўлады адтэрмінавалі сертыфікацыю на чатыры месяцы.

“У нас салідарнасці ніякай: хто ў плот, а хто ў гарод”, - кажа гандлярка. Гэтым летам адміністрацыя рынка пазбавіла некалькіх гандляроў месца. Замест таго, каб заступіцца за калегаў, іншыя цынічна казалі: “Калі іх выгналі, то нам лепш стала”. Таму глыбоцкія прадпрымальнікі не спадзяюцца дамагчыся чагосьці ад уладаў.

Апазіцыя ўваходзіць у Белы Дом

Паразмаўляўшы з гандлярамі, палітыкі накіраваліся ў Белы Дом. Меркавалі распавесці пра “Народны рэферэндум” кіраўніцы справамі райвыканкама, ды тая аказалася ў ад’ездзе.

Стоячы ў калідоры Белага Дома, пытаюся ў Аляксея Янукевіча пра ўражанні ад сустрэчы з жыхарамі Глыбокага. “Вельмі прыемна ўражаны. Людзі чытаюць “Народную волю", іншыя дэмакратычныя газеты. Цвёрды дух вальналюбства пануе ў Глыбокім, гэта пазітыўна. Аднак здзівіла тое, што няма салідарнасці сярод прадпрымальнікаў”, кажа палітык.

Урок палітыка Ластоўскага

Выйшаўшы з Белага Дома, палітыкі пайшлі па Замкавай вуліцы на плошчу Язэпа Корсака. Там яны ўсклалі кветкі да помніка Вацлаву Ластоўскаму, палітыку пачатку ХХ стагоддзя, прэм’ер-міністру Беларускай Народнай Рэспублікі.

Янукевіч, Берніковіч, Губарэвіч

Мары палітыка Ластоўскага падаваліся ягоным сучаснікам безнадзейнымі. Суседнія краіны мелі свае войскі і свае планы на беларускую зямлю. БНР мела толькі ідэі. Але праз пяцьдзясят год пасля расстрэлу Вацлава Ластоўскага Беларусь стала незалежнай.

Ля помніка Ластоўскаму

Гэткае ж пачуццё безнадзейнасці адчуваецца ў жыхароў Глыбокага, калі яны размаўляюць з дэмакратычнымі палітыкамі. Дзеючая ўлада мае выбарчыя камісіі і рэпрэсіўны апарат. Дэмакраты маюць толькі ідэі. Пройдзе час, і мы даведаемся, хто акажацца пераможцам. //westki.info

Последние новости