Лента новостей Мероприятия

“Улада створаная для таго, каб служыць народу, а не кіраваць ім”

10 Октября 2013, 13:12
952 просмотра, 0 комментариев

Больш за 40 грамадскіх арганізацый далучыліся ўжо да рэзалюцыі ў падтрымку “Народнага рэферэндуму”, прынятай у верасні падчас круглага стала грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятываў.

Сярод арганізацый, што падтрымалі “Народны рэферэндум”, - “Гомельскі дэмакратычны форум”, кампанія “Справаводства па-беларуску”, “Крывіч”, “Чысты свет”, “Грамадскі магістрат”, ”Сямейная пляцоўка” ды іншыя, што прадстаўляюць 20 гарадоў.

"Беларусы павінны зразумець, што ўлада створаная для таго, каб служыць народу, а не кіраваць ім, - кажа Яўген Скрабутан з Зэльвы, лідар арганізацыі “Альтэрнатыва”. - Мэта "Народнага рэферэндуму" - сабраць у адно найбольш хвалюючыя людзей пытанні ды разам знайсці спосабы іх вырашэння, прымусіць улады рэагаваць на патрэбы грамадскасці. Трэба зламаць стэрэатып, што ў Беларусі толькі адзін чалавек прымае рашэнні - адукаваных, здольных і гатовых браць на сябе адказнасць за будучыню краіны ў нас сотні тысяч".

“Найбольш значныя пытанні агульнанацыянальнага і рэгіянальнага ўзроўняў вырашаюцца ўладай без уліку меркаванняў шараговых грамадзянаў. Беларускі народ фактычна пазбаўлены голасу. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання страцілі сувязь з выбаршчыкамі, а сама працэдура выбараў страціла характар палітычнага працэсу і ператварылася ў фармальную самалегітымацыю ўлады”, - заяўлена ў рэзалюцыі НДА наконт “Народнага рэферэндуму”.

Даводзіцца, што ў гэтых умовах “асаблівую важнасць набывае любая спроба падтрымаць грамадскую актыўнасць - як у сталіцы і буйных гарадах, так і ў малых населеных пунктах і сельскай мясцовасці”, што “краіне неабходныя працоўныя механізмы ўзаемадзеяння публічных інстытутаў і грамадзянаў”.

У якасці аднаго з такіх механізмаў прадстаўнікі “трэцяга сектару” і падтрымліваюць ініцыятыву Руху “За Свабоду”, кампаніі “Гавары праўду”, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", аргкамітэту па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу па арганізацыі “Народнага рэферэндуму”, разглядаючы яго “не толькі як эфектыўны механізм выяўлення грамадскай думкі, але і сродак актывізацыі грамадскага жыцьця ў рэгіёнах Беларусі”.

Адзначаецца, што ”Народны рэферэндум” мае амбіцыйныя мэты і задачы, дасягненне якіх з’яўляецца выклікам як для палітычных суб’ектаў, так і для грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў: “Гэта і барацьба за доступ да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў; і выяўленне і абарона грамадскіх інтарэсаў мясцовых супольнасцяў і агульнанацыянальных груп інтарэсаў; і ціск на органы ўлады з мэтай забеспячэння належнага выканання іх функцыяў; і забеспячэнне ўліку грамадскіх інтарэсаў пры прыняцці дзяржаўных рашэнняў; і грамадскі кантроль за дзеяннямі цэнтральных і мясцовых органаў улады”.

Поўны тэкст рэзалюцыі і ўвесь спіс падтрымаўшых яе НДА - тут.

Последние новости