Лента новостей Мнения

Аляксей Янукевіч. РЭФЕРЭНДУМ. Вярнуць сілу закону

15 Сентября 2013, 23:40
479 просмотров, 0 комментариев

Вельмі часта пры размове пра перспектывы пераўтварэнняў у Беларусі паўстае пытанне пра тое, на чым трымаецца сённяшні аўтарытарны рэжым.

Насамрэч, складнікаў дзеючай сыстэмы існуе шмат — гэта і падтрымка рэжыма Расіяй, і няспеласць кіруючай беларускай палітычнай эліты, якая не здольная ўсвядоміць нацыянальныя інтарэсы, і грамадзянская індыфірэнтнасць вялікай часткі насельніцтва Беларусі. Ёсць таксама і важныя інстытуцыйныя чыннікі, якія ствараюць падмурак існай мадэлі — гэта і захаванне савецкай яшчэ індустрыі як асновы нацыянальнай эканомікі, і гіпертрафіраваная роля сілавых органаў, і адсутнасць традыцыяў мясцовага самакіравання.

У маім разуменьні, важная роля Народнага Рэферэндума ў тым, каб паказаць людзям зьвязанасьць іх прыватных праблемаў з тымі фактарамі, якія забясьпечваюць існаваньне гэтай мадэлі грамадзка-дзяржаўнага ладу.

Калі чалавек заклапочаны праблемамі ў атрыманьні медычных паслугаў — праз пытанні Народнага Рэферэндума можна давесці абумоўленасьць кепскай якасьці аховы здароўя існай адміністратыўна-каманднай сыстэмай. Калі іншы грамадзянін турбуецца ростам коштаў на самыя простыя спажывецкія тавары — праз пытанні Народнага Рэферэндума мы можам растлумачыць шкоднасць неапраўданага пратэкцыянізма ў эканоміцы, якім урад прыхоўвае відавочныя стратэгічныя пралікі ў сыстэме гаспадарання. І гэтак далей.

Але ў часе вандровак па гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі ў межах кампаніі Народнага Рэферэндуму ў ліку прыярытэтаў, выказаных людзьмі, былі не толькі сацыяльна-эканамічныя пытаньні. Пытаньні справядлівасьці, адчужанасьці ўлады ад патрэбаў грамадзянаў, пытаньні безкантрольнасьці і непадсправаздачнасьці ўладаў таксама былі названыя амаль на кожнай сустрэчы.

Цяпер мы працуем, каб абагульніць грамадскія чаканьні — і зьвязаць іх з агульнанацыянальнай праграмай пераменаў. Фактычна мы прапануем сродкі вырашэньня індывідуальных праблемаў праз палітычныя рашэньні агульнакраёвага ўзроўню. І ў гэтым кантэксьце, безумоўна, адным з важных пытаньняў з’яўляецца аднаўленьне законнасьці ў краіне.

Нагадаю, што ў адпаведнасьці з ч. 3 арт. 137 дзеючай Канстытуцыі, “у выпадку разыходжання дэкрэта або ўказа з законам закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданне дэкрэта або ўказа былі прадастаўлены законам”.

Напэўна, лішнім будзе казаць, што прадугледжаных у трэцяй частцы гэтага артыкула выпадкаў, каб паўнамоцтвы на выданне дэкрэта альбо закона былі прадастаўленыя законам, у гісторыі Беларусі не было. І хоць у існуючай сыстэме істотных разыходжаньняў дэкрэтаў з законамі фактычна ня можа быць, бо яны пішуцца ў адных і тых жа, або суседніх кабінетах, піраміда нарматыўна-прававых актаў у Беларусі выглядае перакуленай дагары нагамі.

Відавочна, што такая сыстэма несумяшчальная з падставовымі прынцыпамі прававой дзяржавы і наўпрост супярэчыць ім. І больш за тое, кіраваньне ўказамі і дэкрэтамі часцяком служыць прычынай, чаму грамадзяне дэ-юрэ робяцца пазбаўленыя тых правоў, якія раней мелі паводле законаў.

Такім чынам, адным з пытаньняў Народнага Рэферэндуму можа быць вяртанне законам вышэйшай юрыдычнай сілы — дасягнуць гэтага можна праз зьмяненьне часткі трэцяй артыкула 137 Канстытуцыі.

Так, цагліна за цаглінай, мы будзем адбудоўваць тыя падмуркі дэмакратыі, на якіх грунтуюцца свабода і справядлівасьць.

Последние новости