Мечыслаў Грыб: Балатаванне Лукашэнкі - незаконнае
 |
28 Сентября 2015, 12:25
622 просмотра, 0 комментариев
Першыя грамадскія слуханні па абмеркаванні пытання «Народнага рэферэндуму», у якім прапануецца абмежаваць колькасць тэрмінаў займання пасады прэзідэнта, прайшлі 26 верасня ў Баранавічах.
|
     Нагадаем, адно з пытанняў у парадку дня “Народнага рэферэндуму” гучыць так: “Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?”. «Выбарчая кампанія для «Народнага рэферэндуму» - яшчэ адна магчымасць нагадаць пра важнасць пытанняў, якія мы ўздымаем. Відавочна, што ўлада не жадае прыслухоўвацца да грамадства, не чуе яго. Выбары праводзяцца з перадвырашаным вынікам», - адзначыў, адкрываючы слуханні, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Па ягоных словах, «улада не спраўляецца з узятымі на сябе абавязкамі, не выконвае нічога з таго, што абяцала апошнія пяць год і агулам апошнія 20 год, колькі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе». «Адзіны інструмент, які можа прывесці да пераменаў у Беларусі, - рэферэндум», - упэўнены Губарэвіч. Ён дадаў, што пытанні «Народнага рэферэндуму» не губляюць сваёй актуальнасці, у прыватнасці чацвёртае, якое тычыцца адмовы ад размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых базаў, а таксама пятае (“Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?”). Экспертамі на грамадскіх слуханнях у Баранавічах выступілі другі старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб і палітолаг, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец. Паслухаць іх сабраліся каля 30 чалавек. Мечыслаў Грыб прыгадаў, як у беларускую Канстытуцыю былі ўнесеныя змены, якія прывялі ў выніку да зняцця абмежавання на колькасць тэрмінаў на пасадзе прэзідэнта. «Сёння мы фактычна не маем Канстытуцыі, - адзначыў Грыб. - Канстытуцыя 1996 году – нелегітымная. Хаця мы па ёй нібы жывем, але яна нелегітымная». Ён адзначыў, што у 2004 годзе на рэферэндуме было знятае абмежаванне на колькасць тэрмінаў прэзідэнцтва. «Адпавядае гэта Канстытуцыі? Не. Прызнаны гэты рэферэндум легітымным? Не», - падкрэсліў Мечыслаў Грыб. «Як юрыст магу сказаць, што балатаванне ў кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандра Рыгоравіча сёння – незаконнае», - дадаў ён, адзначыўшы, што атрымліваецца, што ўжо ўсе ведаюць, хто будзе наступным прэзідэнтам Беларусі. «Пытанне абмежавання двума тэрмінамі знаходжання на пасадзе – гэта дэмакратычнае патрабаванне», - адзначыў Алесь Лагвінец. Па ягоных словах, сёння мы маем вельмі дзіўную палітычную сістэму, якая ўладкаваная пад аднаго чалавека: у прыватнасці, адкрытым застаецца пытанне, ці будзе дзейнічаць адсутнасць абмежавання тэрмінаў для кагосьці, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. «Улада цяпер – гэта асабісты прывілей аднаго чалавека. Чалавека, які падмяў пад сябе Канстытуцыю, грамадства. Ён мае сваю вертыкаль, якая яму служыць», - падкрэсліў Лагвінец. «Абмежаванне тэрмінаў двума для палітыкаў – гэта нармальны сучасны стандарт», - падкрэсліў намеснік старшыні Руху. - Тое, што ў нас на пасаду прэзідэнта можна балатавацца неабмежаваную колькасць разоў першым чынам – адмоўным - кідаецца ў вочы любому замежніку». Прывёўшы прыклады іншых краінаў, Лагвінец запэўніў удзельнікаў слуханняў, што прэзідэнцкія тэрміны ў Беларусі павінны быць абмежаваныя. Другія грамадскія слуханні прайдуць 28 верасня ў Магілёве. Далей іх зладзяць у Віцебску, Гродне і Гомелі. Рух "За Свабоду" (фота Мікалая Падгайскага і Юрася Губарэвіча) #рэферэндум
|
|