Лента новостей Мероприятия

“Народны рэферэндум” дабраўся да сельскай мясцовасці

07 Августа 2013, 23:45
471 просмотр, 1 комментарий

6 жніўня ініцыятары “Народнага рэферэндуму” мелі сустрэчы з людзьмі ў Слоніме і вёсцы Дзераўная Слонімскага раёна. Прычым у Дзераўной гэта былі першыя шчыльныя камунікацыі з насельніцтвам сельскай мясцовасці ў межах рэферэндумнай кампаніі.

Першы намеснік старшыні Руху ”За Свабоду” Юрась Губарэвіч зазначае, што ідэя была ўспрынята пазітыўна, і робіць выснову аб неабходнасці больш частага наведвання апазіцыянерамі вёсак.

Дзераўную населяюць каля паўтысячы чалавек, вёска мае статус аграгарадка, але сітуацыя з сацыякультурнай інфрастуктурай вартая жалю, кажа Губарэвіч.

Напрыклад, у вёсцы ёсць вялізны Палац культуры, збудаваны ў 1985 годзе тутэйшым калгасам-мільянерам. Але з 1990-х ён пачаў прыходзіць у заняпад.

“Па прызначэнні Палац культуры ўжо не выкарыстоўваецца, хаця тут маюцца вялікая глядзельная зала, спартовая зала, калісьці мясцовыя жыхары гулялі ў більярд, баскетбол. Цяпер яны скардзяцца, што не маюць магчымасці такога адпачынку. Вокны выбітыя, батарэі вынесеныя, паркет раструшчаны. Будынак расцягваецца”, - кажа Юрась Губарэвіч.

Мясцовы прадпрымальнік прапаноўвае арганізаваць тут дрэваапрацоўку, забяспечыць жыхароў Дзераўной некалькімі дзясяткамі працоўных месцаў, а ўжо зараз выставіць ахоўнікаў, каб будынак не занепадаў далей. Але пакуль бізнэсовец не можа знайсці агульную мову наконт такога праекта з уладамі.

“На сустрэчу з намі прыйшлі каля 15 чалавек. Не было ніводнага, хто падтрымліваў бы існуючы рэжым. Падзенне ўзроўню жыцця тут наўпрост звязваюць з палітыкай уладаў. Кажуць, што наспеў час нешта мяняць. Але адзначу, што да такіх высноваў вясковы народ даспеў самастойна. Мы даведаліся, што ніхто тут ніякіх інфармацыйных матэрыялаў ад апазіцыі не бачыў. Вяскоўцы выказалі пажаданне, каб альтэрнатыўныя ўладам палітыкі прыязджалі да іх часцей”, - адзначае Губарэвіч, які быў у Дзераўной разам з Андрэем Дзмітрыевым з “Гавары праўду” і Аляксеем Янукевічам, старшынём Партыі БНФ.

Юрась Губарэвіч робіць выснову: ”Сітуацыя мяняецца. Жыхароў сельскай мясцовасці ўжо нельга назваць безумоўным электаральным апірышчам дзейнай улады. Адпаведна апазіцыі варта хадзіць у народ не толькі па гарадах”.

Последние новости