Рэферэндум у Грэцыі: большасць сказала крэдыторам «не»
 |
06 Июля 2015, 17:08
501 просмотр, 0 комментариев
Паводле дадзеных папярэдняга падліку 50 % бюлетэняў, на рэферэндуме ў Грэцыі перамагае адказ «не» для ўмоваў, якія выставілі крэдыторы.
|
Вынікі галасавання абнародавала Міністэрства ўнутраных спраў Грэцыі. 61,2 % удзельнікаў рэферэндуму, чые галасы ўжо падлічылі, прагаласавалі «не», 38,2 % – «так», падае Бі-Бі-Сі. Па дадзеных грэцкага Міністэрства ўнутраных справаў, яўка на рэферэндум у Грэцыі склала больш за 50 %. Рэферэндум мусяць прызнаць сапраўдным, калі ў ім прынялі ўдзел не менш за 40 % зарэгістраваных выбарнікаў. Улады Грэцыі заклікалі галасаваць «не» – супраць пагаднення з крэдыторамі. У той жа час, прыхільнікі адказу «так» казалі, што гэта можа прывесці да выхаду Грэцыі з еўразоны. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у панядзелак адправіцца ў Парыж, каб абмеркаваць вынікі грэцкага рэферэндуму з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аляндам. Прэм’ер-міністр Алексіс Цыпрас, які прызначыў рэферэндум, сказаў, што адказ «не» пакажа не толькі жаданне Грэцыі «застацца ў Еўропе, але жыць годна ў Еўропе». У той жа час міністр фінансаў краіны Яніс Варуфакіс абвінаваціў крэдытораў Грэцыі ў «тэрарызме». Спадар Варуфакіс таксама заявіў, што ў ЕЗ няма юрыдычных падстаў для выключэння Грэцыі з еўразоны. Міжнародныя крэдыторы папярэджвалі: калі большасць прагаласуе адмоўна – гэта можа прывесці да хаатычнага выхаду краіны з зоны еўра. Акрамя таго, прадстаўнікі Еўракамісіі казалі, што грэцкі рэферэндум, калі ён будзе праведзены за такія кароткія тэрміны «не дацягне да міжнародных стандартаў», паколькі пытанне да выбарнікаў сфармулявана недастаткова выразна, і людзям не дадзена дастаткова часу для абдумвання сітуацыі. Аглядальнікі адзначалі, што не ўсе выбарнікі да канца разумелі сутнасць адзінага пытання, вынесенага на галасаванне. Пытанне ў бюлетэнях рэферэндуму было сфармулявана дастаткова шматслоўна: «Ці мае быць прыняты план пагаднення, прадстаўлены Еўрагрупе 25 чэрвеня Еўрапейскай камісіяй, Еўрапейскім цэнтральным банкам і Міжнародным валютным фондам, і які складаецца з дзвюх частак, якія прадстаўляюць іх сумесную прапанову? Першы дакумент называецца «Рэформы для завяршэння бягучай праграмы і пасля яе», а другі – «Папярэдні аналіз устойлівасці доўгу». Удзельнікі рэферэндуму павінны выбраць адзін з двух варыянтаў адказу: «Не прынята / не» альбо «Адобрана / так». Як распавяла брытанская эканамістка грэцкага паходжання Вікі Прайс, шмат якія грэкі не зусім разумелі сутнасць пытання рэферэндуму. «Ніхто не чытаў гэты вельмі, вельмі доўгі дакумент, два дакументы, якія ўспамінаюцца сёння ў пытанні. І яны (грэкі – рэд.) галасуюць больш эмоцыямі, чым логікай», – кажа эканамістка. Крэдыторы дамагаюцца ад Афінаў павышэння падаткаў і скарачэння сацыяльных выплат і дапамогі. На думку міжнародных арганізацыяў, гэта дасць Грэцыі магчымасць выканаць свае фінансавыя абавязкі. Белсат #рэферэндум
|
|