Лента новостей Мероприятия

Жаданне Ярмошынай-Лукашэнкі супраць волі народа

30 Июня 2015, 15:03
495 просмотров, 0 комментариев

Зварот "Народнага рэферэндуму" да Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі.

Чакаецца, што 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прызначыць на 11 кастрычніка 2015 году прэзідэнцкія выбары. Паказальна, што з такой прапановай выступіў Цэнтрвыбаркам пасля таго, як яго кіраўніца Лідзія Ярмошына абмеркавала хаду падрыхтоўкі да выбараў з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён збіраецца пераабірацца на пасаду кіраўніка краіны і, натуральна, ёсць асобай зацікаўленай.

Разам з тым сімптаматычна, што парламент ігнаруе волю дзясяткаў тысяч беларусаў, якія паставілі свае подпісы ў падтрымку правядзення “Народнага рэферэндуму”. У выніку статус народных абраннікаў выглядае сумнеўна.

Партнёрства дзеля мірных пераменаў “Народны рэферэндум” (Партыя БНФ, БСДП (Грамада), кампанія “Гавары праўду” і Рух “За Свабоду”) заклікае дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама сябраў Савета Рэспублікі выступіць на сваіх пасяджэннях з прапановай да кіраўніка краіны аб прызначэнні прапанаванага плебісцыта на тую саму дату, што і прэзідэнцкія выбары.

"Народны рэферэндум" — гэта сродак, што дазваляе даць адказы на выклікі, якія стаяць перад Беларуссю, і дасягнуць нацыянальнай згоды па асноўных пытаннях развіцця нашай краіны праз мірныя перамены.

Прэзідэнт і дэпутаты - для народа, а не народ - для прэзідэнта і дэпутатаў!

***

Парадак дня “Народнага рэферэндуму” складаецца з шасці пытанняў:

- Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

- Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

- Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

- Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб'ектаў, ядзернай зброі, а беларускія ваеннаслужачыя не павінны несці службу за мяжой?

- Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

- Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?

Паводле вынікаў снежаньскага апытання НІСЭПД, 48% беларусаў выступаюць за перамены ў Беларусі праз правядзенне “Народнага рэферэндуму”. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанія "Гавары праўду", Партыя БНФ і Рух "За Свабоду" сабралі ў межах ініцыятывы “Народны рэферэндум” ужо 120 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў яго падтрымку. 50 тысяч подпісаў былі перададзеныя дэпутатам – гэта падстава для ініцыявання імі плебісцыту. Сотні электронных зваротаў з заклікам прызначыць рэферэндум накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта".

Последние новости