Лента новостей Мероприятия

Лідары «Народнага рэферэндуму» ўсклалі кветкі да магілы Васіля Быкава

09 Мая 2015, 10:15
561 просмотр, 0 комментариев

У гонар 70-годдзя Дня Перамогі лідары кампаніі «Народны рэферэндум» усклалі 8 траўня кветкі да магілы народнага пісьменніка Беларусі, франтавіка Васіля Быкава на Маскоўскіх (Усходніх) могілках у сталіцы.

«Беларускія ўлады ў святкаванні Дня Перамогі аддаюць перавагу форме, а не зместу, ганяюць па праспекце танкі і праводзяць парады. Для нас важна, каб беларусы памяталі і асэнсоўвалі жахлівыя падзеі той вайны, бо звычайныя людзі перадусім становяцца ахвярамі. Асабліва гэта важна сёння, калі амбіцыі лідараў асобных краінаў могуць прывесці да паўтору трагедыі», - адзначыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, лідары «Народнага рэферэндуму» прыйшлі сёння да магілы Васіля Быкава, бо ён «нёс беларусам праўду пра вайну» і сам быў франтавіком.

«70-годдзе Перамогі – значная падзея для ўсіх беларусаў, а Васіль Быкаў – наш выбітны зямляк, які прайшоў усю вайну, таму мы адзначаем гэты дзень ускладаннем кветак менавіта да ягонай магілы», - адзначыў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Беларусам трэба шукаць святы, якія іх яднаюць, шукаць кансэнсус паміж тымі, хто святкуе Дзень Перамогі 8 траўня і 9 траўня», - адзначыў намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняк. Ён дадаў, што ўскладзе кветкі і да магілы першага сакратара ЦК Беларусі Пятра Машэрава, які таксама быў франтавіком.

Сябры Руху “За Свабоду” таксама ўсклалі бел-чырвона-белы букет да абеліску на плошчы Перамогі.

Рух "За Свабоду"

#рэферэндум

Последние новости