Лента новостей Мероприятия

Адзінства дзеля нацыянальных інтарэсаў Беларусі

05 Мая 2015, 13:09
423 просмотра, 0 комментариев

Сёння ў Мінску адбылася супольная прэсавая канферэнцыя кіраўнікоў арганізацый, якія праводзяць у Беларусі кампанію “Народны рэферэндум”. Там было абвешчана аб стварэнні агульнага штабу кампаніі.

На прэс-канферэнцыі, у якой узялі ўдзел намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч і намеснік старшыні грамадскай кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, было абвешчана аб стварэнні агульнага штабу Партнёрства дзеля мірных пераменаў “Народны рэферэндум” (так адгэтуль афіцыйна называецца гэтая ініцыятыва). Задачай Партнёрства абвешчана правядзенне беспрэцэдэнтнай для Беларусі адзінай палітычнай кампаніі 2015 – 2016 г.г., якая мае ўключыць у сябе кампаніі прэзідэнцкіх выбараў 2015 г. і парламенцкіх выбараў 2016 г.

Як падкрэсліў у сваім уступным слове Юрась Губарэвіч, гэтае рашэнне грунтуецца на двухгадовым досведзе супрацы чатырох арганізацыяў у межах кампаніі “Народны рэферэндум”.

“За гэты час, агульнымі намаганнямі актывістаў нашых структураў сабрана 120 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў падтрымку вынясення на агульнанацыянальны рэферэндум важных для нашага грамадства пытанняў, праведзена больш за два дзясяткі грамадскіх слуханняў па ўсёй краіне, падрыхтаваныя рэкамендацыі для органаў дзяржаўнага кіравання па мірнаму рэфармаванню розных сфераў нашага жыцця. Згодна з дадзенымі НІСЭПД траціна беларускіх выбарцаў ведае пра нашую ініцыятыву і 49% беларусаў гатовыя яе падтрымаць.

Супольная праца дапамагла нам знайсці паразуменне і на наступныя два гады, не гледзячы на тое, што ў межах “Народнага рэферэндуму” мы па-рознаму падыходзім да ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі.

Цяпер наспеў час зрабіць яшчэ адзін крок наперад, каб спраўдзіць чаканні людзей. Менавіта таму, мы дамовіліся аб аб’яднанні кампаніяў прэзідэнцкіх і парламентскіх выбараў у адну кампанію, мэта якой – дамагчыся мірных пераменаў у Беларусі, а так сама пра каардынацыю палітычнага i грамадскага складнікаў кампаніі і стварылі агульны штаб з прадстаўнікоў усіх чатырох структураў для правядзення гэтай кампаніі”, - адзначыў сп. Губарэвіч.

Андрэй Дзмітрыеў заўважыў, што галоўнае, чаго хоча дамагчыся Партнэрства “Народны рэферэндум” сваёй доўгатэрміновай кампаніяй, гэта – атрыманне максімальнай грамадскай падтрымкі ідэі мірных пераменаў праз правядзенне рэферэндуму па вызначаных самімі грамадзянамі пытаннях. Але таксама важнай задачай паводле сп. Дзмітрыева з’яўляецца “змена іміджу дэмакратычных сілаў, іх выхад з дэпрэсіі і смутку ў пазітыў і празрыстасць”. Першым крокам для гэтага сталася вылучэнне супольнага прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі – спадарыні Таццяны Караткевіч.

Па словах Аляксея Янукевіча, стварэнне адзінага штабу Партнёрства – гэта важны прыклад дэманстрацыі адзінства адказных сілаў у апазіцыі дзеля адстойвання нацыянальных інтарэсаў.

“Мы не толькі здолелі вылучыць агульнага кандыдата ў прэзідэнты. Ужо зараз мы пачынаем фармаванне агульнага спісу кандыдатаў у дэпутаты пад парламенцкую кампанію 2016 году. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 г. наш кандыдат у прэзідэнты і нашыя кандыдаты ў дэпутаты будуць працаваць разам. Апошнія будуць кіраваць правядзеннем кампаніі-2015 у тых рэгіёнах, дзе яны будуць балатавацца ў 2016 г. Спіс кандыдатаў у дэпутаты ад Партнёрства “Народны рэферэндум” пакуль адчынены, і ў яго можа патрапіць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які падзяляе ідэю мірных пераменаў, мае адпаведны досвед і біяграфію і гатовы прыкладаць свае высілкі дзеля дасягнення нашай агульнай мэты”, - распавёў пра планы ініцыятывы старшыня Партыі БНФ.

Аляксей Сігаеў засяродзіў ўвагу прысутных на важнасці ўзаемадзеяння Партнэрства “Народны рэферэндум” з тымі дэмакратычнымі сіламі, якія да яго пакуль не далучыліся.

Намеснік лідара сацыял-дэмакратаў адзначыў: “Сення арганізацыі “Народнага рэферэндуму” адзіныя, хто захавалі адзінства ў дэмакратычных сілах, здолелі дамовіцца. Гэта вымагае ад нас дзеянняў на захаванне дыялогу і ў межах усіх дэмакратычных сілаў. Мы лічым важным захаваць так званую “сямёрку” як пляцоўку для ўзгаднення пазіцыяў асноўных дэмакратычных сілаў Беларусі па важнейшых пытаннях. У самы бліжэйшы час такая агульная пазіцыя спатрэбіцца па выніках Саміту Ўсходняга партнёрства ў Рызе. Таксама мы плануем узгадняць нашыя пазіцыі і падчас прэзідэнцкай кампаніі.”

Такім чынам абавязкі ў штабе размяркоўваюцца наступным чынам:

Аляксей Янукевіч – адказны за фармаванне адзінага спіса на парламенцкія выбары 2016 года

Андрэй Дзмітрыеў – адказны за правядзенне палітычнай кампаніі 2015 года

Ірына Вештард – адказная за каардынацыю з іншымі дэмакратычнымі сіламі і ўзаемадзеянне ў межах “сямёркі”.

Юрась Губарэвіч – адказны за правядзенне грамадска кампаніі “Народны рэферэндум”

На заканчэнне Юрась Губарэвіч распавёў прысутным журналістам, што, апрача палітычнай актыўнасці ў часе кампаніі, працягнецца і грамадская праца ў межах “Народнага рэферэндуму”.

Плануецца працягнуць грамадскія слуханні па пытаннях, якія прапануюцца для вынясення на рэферэндум. Па выніках слуханняў будуць і надалей рыхтавацца рэкамендацыі экспертаў для ўрадавых структураў, але цяпер таксама ставіцца задача распрацоўкі ўласных законапраектаў, якія будуць рэалізаваныя пры дапамозе кампаніі «Народная праграма», на падставе гэтых рэкамендацыяў і наступнае іх лабіяванне з шырокім прыцягненнем грамадскасці.

Працягнецца таксама і распаўсюд інфармацыі, - і праз друкаваныя носьбіты, і праз Інтэрнэт, - пра неабходнасць мірных пераменаў у Беларусі. У бліжэйшых планах Партнёрства “Народны рэферэндум” – вяртанне да пытання рэфармавання беларускай медыцыны і актуалізацыя праблемы яе якаснасці і даступнасці.

#рэферэндум

Последние новости