Лента новостей Мероприятия

Ці адкажа Лукашэнка дзясяткам тысяч беларусаў?

29 Апреля 2015, 10:37
554 просмотра, 0 комментариев

Зварот ініцыятараў “Народнага рэферэндуму” з нагоды штогадовага паслання кіраўніка краіны народу і парламенту:

"29 красавіка Аляксандр Лукашэнка звернецца з традыцыйным штогадовым пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу. Ініцыятары кампаніі "Народны рэферэндум", прадстаўляючы сацыяльна-эканамічныя і палітычныя інтарэсы значнай колькасці беларусаў, якія ў тым ліку ёсць заяўленымі адрасатамі прамовы кіраўніка краіны, заклікаюць яго агучыць сваю пазіцыю датычна гэтай ініцыятывы мірных пераменаў, а таксама адносна шасці пытанняў з парадку дня прапанаванага рэферэндуму.

Кіраўнік краіны і дэпутаты мусяць прыслухацца да волі народа, у адваротным выпадку - вытлумачыць, чаму яны ігнаруюць меркаванні дзясяткаў тысяч беларусаў альбо лічаць іх няслушнымі.

Штогадовае пасланне – гэта не толькі ўстаноўкі зверху, а перадусім справаздача перад народам, адказы на пытанні і памкненні грамадзян. У сваю чаргу трансляваць іх абавязаныя і дэпутаты, калі яны сапраўды хочуць звацца і быць народнымі абраннікамі. У выпадку, калі Аляксандр Лукашэнка абміне ўвагай ініцыятыву “Народны рэферэндум”, мы заклікаем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі задаць яму адпаведнае пытанне.

Бо "Народны рэферэндум" — гэта сродак, што дазваляе даць адказы на выклікі, якія стаяць перад Беларуссю, і дасягнуць нацыянальнай згоды па асноўных пытаннях развіцця нашай краіны – развіцця шляхам мірных пераменаў.

Прэзідэнт і дэпутаты - для народа, а не народ - для прэзідэнта і дэпутатаў!

Нагадаем, пытанні “Народнага рэферэндуму” сфармуляваныя так:

- Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

- Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

- Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

- Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб'ектаў, ядзернай зброі, а беларускія ваеннаслужачыя не павінны несці службу за мяжой?

- Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

- Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?

Паводле вынікаў снежаньскага апытання НІСЭПД, 48% беларусаў выступаюць за перамены ў Беларусі праз правядзенне “Народнага рэферэндуму”. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанія "Гавары праўду", Партыя БНФ і Рух "За Свабоду" сабралі ў межах ініцыятывы “Народны рэферэндум” ужо 110 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў яго падтрымку. 50 тысяч подпісаў былі перададзеныя дэпутатам – гэта падстава для ініцыявання імі плебісцыту. Сотні электронных зваротаў з заклікам прызначыць рэферэндум накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта".

Рух "За Свабоду"

#рэферэндум

Последние новости