Лента новостей Мероприятия

БСДП і БНФ падтрымалі Тацяну Караткевіч як кандыдата ад "Народнага рэферэндуму"

26 Апреля 2015, 02:04
730 просмотров, 0 комментариев

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) падтрымала вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты на выбарах ад "Народнага рэферэндуму" актывістку кампаніі «Гавары праўду» Таццяну Караткевіч. Тое ж зрабіў і сойм Партыі БНФ.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) падтрымала Караткевіч 19 красавіка.

«Партыя прыняла рашэнне падтрымаць кампанію па вылучэнні кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі Таццяну Караткевіч, сябра БСДП (Грамада)», – прыводзіць словы першага намесніка старшыні партыі Ігара Маслоўскага "Белсат".

Адзначыўшы пры гэтым, што Таццяна Караткевіч – сябра партыі з 1999 года, яна прысутнічала на паседжанні прэзідыума і адказала на яго пытанні.

Прэзідыум упаўнаважыў старшыню партыі правесці перамовы з партнёрамі па кампаніі «Народны рэферэндум» наконт «фармавання адзінага нацыянальнага перадвыбарчага штабу, а таксама рэгіянальных структураў, маючы на ўвазе, што выбарчыя штабы будуць фармавацца на парытэтных прынцыпах з улікам прафесійных якасцяў сябраў палітычных партыяў і рухаў».

Сойм партыі БНФ 25 красавіка прыняў рашэньне не вылучаць свайго партыйнага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2015 году.

Сябры Сойму прынялі рашэньне падтрымаць у якасьці кандыдата прадстаўніцу БСДП (Грамада) Тацяну Караткевіч, якая, да таго ж, вылучаецца кааліцыяй «Народны рэфэрэндум», паведамляе Радыё "Свабода".

Сама Тацяна Караткевіч на паседжаньні Сойму не прысутнічала, паколькі знаходзіцца сёньня за мяжой, аднак праз скайп зрабіла кароткі выступ і адказала на два дзясяткі пытаньняў сяброў Сойму.

На пытаньне, ці вяла яна перамовы зь яшчэ адной патэнцыйнай кандыдаткай на прэзыдэнта Аленай Анісім, спадарыня Караткевіч адказала: «Пакуль перамоваў не было. Я лічу, што „Народны рэфэрэндум“ — структура больш аб’яднаная. Таму, на мой погляд, іншыя прэтэндэнты павінны далучыцца да нас».

Удзельнікі дыскусіі выказаліся ў тым сэнсе, што паколькі адзінага кандыдата ад усёй апазыцыі ня будзе, то патрэбна мець адзінага кандыдата хаця б ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум». Як сказаў намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, «цяпер захаваньне адзінства — самае важнае, яно вышэйшае за нашы партыйныя інтарэсы».

Сур'ёзна пазмагацца за перамогу на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года дэмакратычнаму кандыдату нерэальна, заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 25 красавіка на сойме арганізацыі.

Ён адзначыў: партыя першапачаткова імкнулася да таго, што апазіцыя здолее дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата. Аднак гэтага не ўдалося дасягнуць у межах усіх дэмакратычных сіл. Таксама вельмі верагодным мог быць зрыў перамоў у рамках кааліцыі "Народны рэферэндум", заявіў ён.

Янукевіч лічыць больш прымальнай для партыі ў межах "Народнага рэферэндуму" кандыдатуру старшыні руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча. Аднак апошні вырашыў адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Лідар Партыі БНФ адзначыў, што ў рамках кааліцыі прапанавалі дзве кандыдатуры — намесніка старшыні партыі Рыгора Кастусёва і актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч.

"Мы доўга абмяркоўвалі як плюсы, так і мінусы гэтых прэтэндэнтаў, і гэтыя перамовы таксама рызыкавалі скончыцца нічым. Таму мы вырашылі згадзіцца падтрымаць Караткевіч пры вылучэнні кандыдатам, каб прадэманстраваць здольнасць дамаўляцца. У сённяшняй сітуацыі дэманстрацыя адэкватнасці і правядзення сумеснай кампаніі хаця б часткай апазіцыі больш выгадная", — цытуе яго БелаПАН.

#рэферэндум

Последние новости