Лента новостей Мнения

Колькі подпісаў беларусаў трэба Лукашэнку для прызначэння «Народнага рэферэндуму»?

08 Марта 2015, 01:25
457 просмотров, 0 комментариев

Актывістка Руху «За Свабоду» Галіна Міхнюк атрымала адказ з Адміністрацыі прэзідэнта на свой электронны зварот да кіраўніка дзяржавы, у якім яна задала яму шэраг пытанняў датычна ініцыятывы «Народны рэферэндум».

Падставай для напісання Галінай Міхнюк ліста Аляксандру Лукашэнку стаў у сваю чаргу калектыўны зварот да яго 50 тысяч грамадзян з просьбай аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму па шасці важных пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця - ад медыцыны да еўраінтэграцыі.

Актывістка Руху «За Свабоду» запыталася:

«1) Чаму няма афіцыйнага публічнага адказу Прэзідэнта на пісьмовы зварот да яго 50 тысяч грамадзян Беларусі?

2) Якім быў непублічны адказ Прэзідэнта 50 тысячам грамадзян, якія падпісалі зварот аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму па шасці пытаннях?

3) Чаму такія рашэнні, як парушэнне нейтральнага статусу Беларусі знаходжаннем на нашай тэрыторыі расійскіх вайскоўцаў з іх ваеннымі аб'ектамі, як сяброўства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, прынятыя без уліку маёй па гэтых пытаннях думкі, гэтак як і без уліку меркавання іншых грамадзян?»

Вось поўны адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, у прыватнасці, з яе галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў:

«Тлумачым, што ў адпаведнасці з артыкулам 74 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рэспубліканскія рэферэндумы могуць быць прызначаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш за 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.

Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады».

Намеснік старшыні Руху “За Свабоду”, палітолаг Алесь Лагвінец, каментуючы адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, адзначыў:

“З аднаго боку, чыноўнікі запрашаюць сабраць 450 тысяч подпісаў і намякаюць, што тады можна падтрымаць ідэю “Народнага рэферэндуму”. З іншага боку, сцвярджаецца, што “рэферэндумы могуць быць прызначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі толькі па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян”. Тут можна ўбачыць нават фронду, бо вынікае, што рэферэндум не можа быць ініцыяваны ані прэзідэнтам, ані парламентам. Таму такі адказ можна інтэрпрэтаваць як запрашэнне да большай актыўнасці і ўздзеяння на ўлады”.

Юрась Губарэвіч, першы намеснік Руху «За Свабоду», паведаміў, што ў падтрымку «Народнага рэферэндуму» сабрана ўжо 100 тысяч подпісаў грамадзян. Ён таксама звярнуў увагу на адсутнасць адказу з Адміністрацыі прэзідэнта на вострае трэцяе пытанне спадарыні Міхнюк.

Што тычыцца юрыдычных нюансаў у справе ініцыявання і прызначэння рэферэндуму:

«Скептыкі ды праціўнікі «Народнага рэферэндуму» і раней закідалі, што яго правядзенне ў Беларусі немагчымае. Паводле Выбарчага кодэксу, для абвяшчэння рэферэндуму неабходныя подпісы 450 тысяч грамадзян, прычым сабраць іх трэба за кароткі тэрмін - цягам двух месяцаў. А яшчэ трэба, каб улада зацвердзіла пытанні і прызначыла рэферэндум...

Так, мы не рэгістравалі ініцыятыўную групу, каб збіраць подпісы за правядзенне рэферэндуму. Аднак і ў абсалютна неправавой дзяржаве ёсць механізмы ўплыву на ўладу, каб рэферендум аб мірных пераменах адбыўся!

Стаўка зроблена на пастаяннае падвышэнне ўзроўню падтрымкі грамадствам «Народнага рэферэндуму». Мы даможамся рэферэндуму калі не паводле літары закону, дык дзякуючы духу закону! Мы маем 100 тысяч подпісаў, а будзем мець і 200 тысяч, і паўмільёна!

Разам з тым падкрэслю: подпісы ў падтрымку рэферэндуму збіраюцца ў адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян». І на калектыўныя звароты з 30 і болей подпісамі грамадзян Адміністрацыя прэзідэнта і Палата прадстаўнікоў павінны паводле заканадаўства як мінімум даць адказы. Пакуль улады адказваюць адмоўна, ігнаруючы волю дзясяткаў тысяч беларусаў да мірных пераменаў і правакуючы сацыяльна-палітычную напружанасць».

***

Нагадаем,у парадку дня «Народнага рэферэндуму» шэсць пытанняў:

Пытанне 1: Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароў’я ўсе паслугі павінны аказвацца бясплатна?

Пытанне 2: Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

Пытанне 3: Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

Пытанне 4: Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

Пытанне 5: Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

Пытанне 6: Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011 і стварэнне працоўных месцаў?

#рэферэндум

// Сайт Движения "За Свободу"

Последние новости