Лента новостей Мнения

Аляксей Янукевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Вяртаньне ў Эўропу

02 Марта 2015, 15:46
385 просмотров, 0 комментариев

Дазвольце нагадаць — адно з пытаньняў, якія прапануюцца грамадзтву ў межах “Народнага рэферэндуму”, гучыць наступным чынам: “Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім зьвязам?”.

Як і іншыя пяць пытаньняў, яно было шматразова названае беларусамі ў часе сустрэчаў у розных рэгіёнах краіны як адно з самых актуальных. Гэта было крыху больш за год таму, увосень 2014-га, калі рыхтаваўся Віленскі саміт Усходняга партнэрства. З таго часу адбыліся і драматычная перамога Майдану, і трагічныя падзеі ў Крыме і на Данбасе, якія цагнуцца да гэтага часу.

І хоць агрэсыўная расейская прапаганда, якую праз трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў у нашай краіне спажываць і беларусы, імкнецца навязаць нэгатыўнае стаўленьне да Захаду і да Эўрапейскіх краінаў у прыватнасьці, імкнецца ўбіць у людзкія галовы нібыта прамую ды непазьбежную ўзаемасувязь паміж жаданьнем украінцаў шырока супрацоўнічаць з Эўропай і тымі жахамі вайны, якія сёньня мы бачым на усходзе Украіны — вельмі багата беларусаў і сёньня, як і год таму, жадаюць вольна езьдзіць ды гандляваць з Эўрапейскім зьвязам.

Сапраўды, беларусы цудоўна бачаць, што і самыя сучасныя тэхналёгіі, і магутныя фінансавыя рэсурсы, і высокія сацыяльныя стандарты — усё гэта ёсьць у Эўразьвязе, і усё гэта можна мець у Беларусі перадусім праз шчыльнае эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва зь Эўрапейскім зьвязам, а таксама з ЗША.

Праблема, аднак, палягае ў тым, што крамлёўскія імпэрскія рэваншысты не жадаюць прызнаваць права народаў на вольнае вызначэньне ўласных прыярытэтаў у эканоміцы ды зьнешняй палітыцы. Праз разьдзьмуваньне крывавага канфлікту ва Украіне Крэмль імкнецца ня толькі паўплываць на выбар украінскага народу, але й застрашыць іншыя народы, каб нават думаць не спрабавалі пра больш шчыльныя стасункі са сваімі заходнімі суседзямі. Фактычна, усім суседнім з РФ народам Крэмль імкнецца навязаць выбар: або вы толькі з намі, або вы супраць нас.

Што можна супрацьпаставіць такому крамлёўскаму шантажу ды пагрозам?

Правесьці “Народны рэферэндум”. Менавіта ўсеагульная воля народу, выказаная ў адпаведнасьці з існуючым заканадаўствам, можа спрыяць кансалідацыі беларускага грамадзтва перад абліччам крамлёўскага імпэрыялізму ў імкненьні нашага народу да больш адкрытых партнэрскіх стасункаў зь іншымі краінамі Эўропы, якія ўтвараюць сёньня Эўрапейскі зьвяз.

“Народны рэфэрэндум” прапануе рэальны шлях, як дасягнуць трансфармацыі ўнутранай ды зьнешняй палітыкі нашай дзяржавы, захаваўшы грамадзянскі мір і пазьбегнуўшы вострага супрацьстаяньня ў грамадзтве. Дэстабілізацыя ўнутранай сытуацыі ў Беларусі сёньня можа быць на карысьць толькі для Крамля.

Але гэта не азначае, што нашае грамадзтва мусіць таптацца на месцы. Мы можам рухацца наперад, і такі бясьпечны рух можа даць “Народны рэферэндум”. Менавіта ён можа ў цяперашняй складанай сытуацыі дапамагчы беларусам прайсьці свой шлях вяртаньня ў Эўропу.

Naviny.by

#рэферэндум

Последние новости