Лента новостей Мнения

Аляксей Янукевіч. Рэферэндум і нацыянальныя інтарэсы

19 Августа 2013, 23:15
528 просмотров, 0 комментариев

Сур’ёзнымі праблемамі нашага грамадзтва сёньня ёсьць апатыя і абыякавасьць бальшыні грамадзянаў да любых грамадзка-палітычных падзеяў і працэсаў у краіне.

У роўнай ступені людзі застаюцца абыякавымі да заклікаў выяўляць грамадзянскую актыўнасьць як з боку апазыцыі, так і з боку ідэалягічнай дзяржаўнай вэртыкалі. Натуральна, у пэўныя крытычныя моманты здараюцца і выключэньні — як хваля салідарнасьці пасьля 19 сьнежня 2010 году, цэнтрам якой сталася памяшканьне Управы БНФ, або ўзаемадапамога падчас Хаўеру. Але пераважную большасьць часу ў галовах людзей пануе абыякавасьць да ўсяго, што адбываецца па-за межамі ўласнай хаты. Ці, як варыянт для моладзі — па-за фрэндстужкай у сацыяльных сетках.

Уладу гэтая сытуацыя задавальняе. Вядома, ім хацелася б бачыць энтузіязм ды вагонь у вачох беларусаў на суботніках ці масавых мерапрыемствах з ідэалягічнай афарбоўкай. Але працавітыя і адказныя беларусы выконваюць ускладзеную на ніх працу і без дадатковых эмацыйных матывацыяў. А гэта для ўлады — галоўнае. Затое абыякавы да палітыкі чалавек не цікавіцца ніякімі рашэньнямі і дзяньнямі ўладаў, якія не закранаюць ягонае жыцьцё беспасрэдна цяпер. І, тым болей, не зацікавіцца прапановамі апазыцыі.

Абыякавасьць людзей разьвязвае рукі ўладзе. Дазваляе ня толькі ставіць сябе вышэй за грамадзкі інтарэс і перапісваць законы ў інтарэсах асобных вузкіх групаў, а пасьля ўсё роўна самім жа гэтыя законы парушаць. Абыякавасьць людзей дазваляе ўладзе уцягваць нас і нашую краіну ў небясьпечныя інтэграцыйныя авантуры, якія пагражаюць як эканамічнай бясьпецы краіны і яе грамадзянаў, так і самому існаваньню Беларусі як незалежнай дзяржавы. Авантуры, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам. Перадусім гэта тычыцца Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам і вайсковай інтэграцыі з Расеяй.

Найбольш яскравай ілюстрацыяй і безсэнсоўнасьці Мытнага саюзу, і мэтадаў расейскай вонкавай палітыкі ёсьць бягучыя падзеі вакол украінскіх тавараў на межах Расеі. Фактычна бандыцкімі мэтадамі, праз гвалт і шантаж, Крэмль імкнецца прымусіць Украіну далучыцца да Мытнага саюза і тым самым адмовіцца ад дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Калі б у Мытным саюзе быў эканамічны сэнс, хіба трэба было б сілай туды зацягваць Украіну?

Адказ на гэтае пытаньне настолькі ж відавочны, як і на пытаньне “Ці павінны беларусы рызыкаваць сваёй бясьпекай і бясьпекай сваёй краіны, прымаючы на сваёй зямлі расейскія зьнішчальнікі, каб задаволіць імпэрскія амбіцыі Крамля ды маскоўскіх генэралаў?”. Натуральна, не! “Не” Мытнаму саюзу і расейскім вайсковым базам у Беларусі!

Аднак гэтае “не” можа сказаць толькі неабыякавы беларус. Толькі неабыякавыя людзі могуць выказацца ў абарону нацыянальных інтарэсаў.

Народны рэфэрэндум можа разбурыць абыякавасьць. Грамадзтва ня здолее дамагчыся пераменаў, пакуль яно ня верыць у магчымасьць пераменаў. Пакуль кожны асобны чалавек ня верыць у гэтую магчымасьць. Але абыякавасьць і вера не існуюць побач.

Народны рэфэрэндум можа даць магчымасьць кожнаму беларусу зрабіць свой невялікі ўнёсак у агульную справу. Нават тым, хто ўсё яшчэ ня верыць. Можа скласьці асобныя галасы ўсіх і кожнага, хто паставіць свой подпіс, у адзін гучны голас, які немагчыма праігнараваць. Калі тысячы грамадзянаў захочуць выказацца ў абарону свайго і сваіх дзяцей права на якасную бясплатную адукацыю, гарантаванага Канстытуцыяй, або ў абарону больш шчыльнай інтэграцыі з Эўрапейскім зьвязам, або па любым іншым пытаньні, якое закранае іх штодзённае жыцьцё — яны зробяць невялікі крок па-за межы сваёй абыякавасьці.

Крок ад мысьленьня ў маштабах уласнай хаты да ўсьведамленьня сябе часткай шырокай супольнасьці. Супольнасьці, якая ёсьць беларускай нацыяй і мае свае нацыянальныя інтарэсы.

Naviny.by

Последние новости