Лента новостей Мнения

Алесь ЛАГВІНЕЦ. Які тэлефон апазіцыі і пра што яна па ім гаворыць?

23 Августа 2013, 22:46
542 просмотра, 0 комментариев

Сізіфаў камень любой апазіцыі, пакуль яна не прыйшла да ўлады, — (1) адэкватна ацэньваць сітуацыю ў краіне; (2) шукаць спосабы, як заваяваць большы давер людзей;

(3) аператыўна рэагаваць на выклікі часу і пераканаўча паказваць неэфектыўнасць дзеянняў ўладнай групоўкі. Карацей, даказваць, што менавіта ўладатрымальнікі з’яўляюцца ў апазіцыі да ўласнага народу.

Як улада, так і апазіцыя ў сваёй камунікацыі з шырэйшым грамадствам дзейнічаюць паводле пэўных канонаў. Спрошчана можна сказаць, што і ўлада, і апазіцыя кажуць “ўсё будзе добра, калі “мы”, і ўсё прападзе, калі “яны”.

Вось як піша французскі палітолаг Філіп Бро пра суаднясенне мінулага, цяперашняга і будучага часу ў палітычным дыскурсе ўлады і апазіцыі:

(Philippe Braud, Sociologie politique).

У дэмакратычных грамадствах грамадзяне часта могуць задаволіцца роляй арбітра, які раз на 4 гады вырашае, хто мае лепшыя, а хто — горшыя прапановы для вырашэння надзённых праблемаў.

У аўтарытарных рэжымах, як у Беларусі, грамадзянам прапісаная роля статыстаў, выбары губляюць інтрыгу, бо іх фактычна няма, а апазіцыя балансуе на мяжы выжывання і турмы. Улада робіць усё праз пернік і бізун, каб людзі цураліся апазіцыі, не заўважалі яе і яе прапановы, не ведалі, што яна робіць і як яе знайсці. Менавіта падтрымліваць “адарванасць” апазіцыі ад простых грамадзян — галоўная задача ідэалагічных і рэпрэсіўных органаў аўтарытарнай улады.

Што ж тады мае рабіць апазіцыя? А ўсё тое ж, калі, канешне, яна не вядзе партызанскую вайну супраць унутраных акупантаў.

(1) Адэкватна ацэньваць сітуацыю ў краіне, настроі ў грамадстве, а таксама свой уплыў.

• Не абяцаць, што рэжым заўтра “ляснецца”, як гэтага ні хацелася б. • Не перабольшваць, кажучы, што яе падтрымка імкліва павялічваецца. • Не ісці на спакусу вялікай актуалізацыі пытанняў, якія яшчэ больш дзеляць грамадства і аддаляюць ад яго апазіцыю. • Не гуляцца ў рэвалюцыйную рыторыку, калі яна сама слабая і не гатовая да радыкальнага супраціву.

(2) Шукаць новыя спосабы, каб заваяваць большы давер людзей.

• Галоўным чынам гаварыць пра самыя актуальныя і зразумелыя для людзей праблемы. • Прапаноўваць зразумелыя формы дзеяння ды старацца дасягаць канкрэтных станоўчых вынікаў. • Наладзіць больш эфектыўную сістэмы дапамогі рэпрэсаваным, прычым зважаючы, што шырокае інфармаванне пра рэпрэсіі можа мець адваротны эфект, а менавіта пашырэнне атмасферы страху. • Устрымлівацца ад унутраных разборак і самаразбуральнай крытыкі.

(3) Аператыўна рэагаваць на выклікі часу і пераканаўча паказваць неэфектыўнасць дзеянняў ўладнай групоўкі.

• Шырока інфармаваць грамадства адносна сваёй пазіцыі па найбольш вострых і гарачых пытаннях унутранай і знешняй палітыкі. • Адсочваць дзейнасць дзяржаўных органаў і адлюстроўваць хібы іхняга функцыянавання. • Больш шырока прапаноўваць людзям свае паслугі па абароне іхных правоў ды інтарэсаў. • Рэгулярна “ісці ў народ” і ездзіць па краіне.

Сёння мы завяршаем першы этап кампаніі “Народны рэферэндум”. За апошнія два тыдні я наведаў 7 гарадоў Міншчыны, Берасцейшчыны і Магілёўшчыны. Размовы з людзьмі паказваюць, што абраны спосаб дзеяння правільны. Ён ня новы. Найноўшая гісторыя незалежнай Беларусі дае іншыя прыклады спробаў мабілізацыі людзей ў міжвыбарчы перыяд праз збор подпісаў: за рэферэндум у 1992 годзе, за Хартыю-1997, за грамадзянства БНР у 1998, за сяброўства ў Еўразвязе (двойчы абвешчаныя і вельмі бяздарна праведзеныя), за змены ў законе аб свабодзе веравызнання або ў Выбарчым кодэксе, за вуліцу Быкава ў Мінску.

Кампанія “Народны рэферэндум” адрозніваецца тым, што яна хоча ўзняць пытанні, якія ў масавай свядомасці не звязаныя з апазіцыяй. Задачы кампаніі — папулярызацыя структураў; мабілізацыя грамадства і фармаванне грамадскае думкі — вельмі актуальныя сёння. Што мы маем? Памянялася прырода рэжыму. Людзі становяцца ўсё больш безабароннымі. Рыторыка аб сацыяльнай дзяржаве ўсё менш патрапляе хаваць яго алігархічна-каставую сутнасць. Рэжым больш не мае шырокай народнай падтрымкі, ён усё больш не выконвае свае ж абяцанні людзям.

Сёння мала людзей бачаць якую-кольвек альтэрнатыву ўладзе. Мала хто ведае, у чым сутнасць прапановаў апазіцыі і чым яна займаецца ў міжвыбарчы перыяд. У грамадскай свядомасці амаль няма ведаў пра “нумар тэлефону” апазіцыі. Шмат хто лічыць, што гэты тэлефон не пачынаецца з +375. Апазіцыя павінна займацца фармаваннем і рэалізацыяй прапановаў, якія датычацца штодзённага жыцця людзей. Менавіта гэта, а не барацьба за ўладу, ёсць сапраўдным сэнсам слова “палітыка” ў сённяшнім свеце.

Народны рэферэндум — тут і зараз — гэта спосаб вяртання апазіцыйнай палітыкі ў дыктатарскую Беларусь. Бо мы хочам даказаць, што мы ёсць, мы адстойваем інтарэсы людзей і нам можна даверыць краіну.

Naviny.by

Последние новости