Ініцыятары "Народнага рэферэндуму" заклікаюць пачаць мірныя перамены
 |
15 Января 2015, 16:20
752 просмотра, 0 комментариев
Прадстаўнікі кампаніі "Народны рэферэндум" заклікаюць прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў пачаць мірныя перамены, ініцыяваўшы правядзенне рэферэндуму. Аб гэтым гаворыцца ў супольнай заяве чатырох арганізацый, прынятай 15 студзеня.
|
Прадстаўнікі кампаніі "Народны рэферэндум" заклікаюць прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў пачаць мірныя перамены, ініцыяваўшы правядзенне рэферэндуму. Аб гэтым гаворыцца ў супольнай заяве чатырох арганізацый, прынятай 15 студзеня. Подпісы пад дакументам паставілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кампаніі "Гавары праўду", Партыі БНФ і Руху "За Свабоду", паведамляецца на сайце Pyx.by. У заяве адзначаецца, што 15 студзеня пачала працу пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў, каб "прыняць фармальныя рашэнні — зацвердзіць прызначаных чыноўнікаў новага ўрада". "Фармальныя рашэнні — гэта сёння знак бяды для Беларусі. Мы бачым, як шмат што робіцца фармальна, без адказнасці за будучыню, без таго, каб чуць голас беларусаў. Напрыклад, дэпутаты дазволілі сабе сысці ў адпачынак з бюджэтам на 2015 год, у якім нафта каштуе 80 долараў, што амаль удвая даражэй, чым рэальны кошт на сёння. Сесія была закрытая ў дзень, калі ўрад пачаў дэвальваваць беларускі рубель, і ніхто не папярэдзіў выбарцаў, не задаў пытанні ўраду", — адзначаецца ў заяве. На думку ініцыятараў "Народнага рэферэндуму", "ва ўмовах, калі перад Беларуссю стаяць такія сур'ёзныя выклікі, як небяспека быць уцягнутай у чужы канфлікт, эканамічная нестабільнасць і адсутнасць рэформаў, гэта недапушчальна". "Дэпутаты павінны пачаць слухаць народ і падпарадкоўвацца яго волі. Сёння гэта воля да мірных пераменаў у Беларусі", — адзначаецца ў заяве. Ініцыятары "Народнага рэферэндуму" заклікаюць унесці ў парадак дня шостай пазачарговай сесіі пытанне пра ініцыяванне правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных грамадзянамі ў межах іх кампаніі. У выпадку адмовы дэпутатаў прэзідэнту, як гаранту правоў грамадзянаў, прапануецца да канца лютага самастойна прызначыць рэферэндум. "Народны рэферэндум" — гэта сродак, што дазваляе даць адказы на выклікі, якія стаяць перад Беларуссю, і дасягнуць нацыянальнай згоды па асноўных пытаннях развіцця нашай краіны. Мы будзем і далей адстойваць права беларусаў на мірныя перамены", — заяўляюць ініцыятары кампаніі. На "Народны рэферэндум" прапанавана вынесці шэсць пытанняў: - ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна? - ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян? - ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам? - ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб'ектаў, ядзернай зброі, а беларускія ваеннаслужачыя не павінны несці службу за мяжой? - ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны? - ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў? #рэферэндум
|
|