Кампанія “Народны рэферэндум” да канца году збярэ 100 тысяч подпісаў
 |
30 Ноября 2014, 15:42
1157 просмотров, 0 комментариев
Да канца году плануецца сабраць сто тысяч подпісаў грамадзян у падтрымку “Народнага рэферэндуму”, заявіў адзін з каардынатараў кампаніі, першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
|
На сёння, па яго словах, сабрана 70 тысяч. З іх 50 тысяч 2 кастрычніка, у першы дзень восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, былі перададзеныя дэпутатам парламента. Подпісы суправадзіў зварот да кожнага з іх ініцыяваць правядзенне рэферэндуму па шасці пытаннях – ад сацыяльных да палітычных. Пра план сабраць да канца 2014 году 100 тысяч подпісаў Юрась Губарэвіч заявіў сёння, 30 лістапада на грамадскіх слуханнях у Гродне, прысвечаных пытанню забеспячэння рэальнага нейтральнага статусу нашай краіны. Па выніках слуханняў кампанія “Народны рэферэндум” перадасць падрыхтаваныя ваеннымі экспертамі рэкамендацыі па ўдасканаленні сістэмы нацыянальнай бяспекі ў адпаведныя ведамствы. Так, як былі перададзеныя прадстаўнікам органаў улады прапановы па рэформах у галінах адукацыі і медыцыны, складзеныя па выніках грамадскіх слуханняў па гэтых тэмах. Ініцыятары “Народнага рэферэндуму” сустрэліся ўжо з 25 дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. “Мы працягнем ціск на дэпутатаў. Маем за мэту правесці сустрэчы з усімі, - заявіў Юрась Губарэвіч. – Разам з тым мы давядзём да выбарцаў, якую пазіцыю па пытанні ініцыявання рэферэндуму паводле волі народа заняў кожны “народны абраннік”. Нагадаем, на “Народны рэферэндум” прапанаваныя такія шэсць пытанняў: ♦ Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна? ♦ Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян? ♦ Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам? ♦ Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой? ♦ Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны? ♦ Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў? #рэферэндум
|
|