Лента новостей Мероприятия

Адукацыя павінна фармаваць творчую і крэатыўную асобу

27 Августа 2014, 23:05
619 просмотров, 2 комментария

Тое, што “штосьці ня так” з беларускай адукацыяй заўважылі ўжо ня толькі экспэрты, але бацькі і самі школьнікі. Дыскусія вакол стану беларускай адукацыі набірае ўсё большы грамадзкі рэзананс.

Якія рэформы неабходныя дзеля падвышэньня іміджу і прэстыжнасьці адукацыі ў Беларусі? Ці прыслухаюцца ўлады да меркаваньня і парадаў удзельнікаў чарговых грамадзкіх слуханьнях па пытаньнях якасьці і даступнасьці адукацыі, што адбыліся 24 жніўня ў Полацку?

Удзел у слуханьнях узялі дзеючыя выкладчыкі з досьведам працы ў розных краінах, спэцыялісты ў галіне нефармальнай адукацыі, грамадзкія актывісты, заклапочаныя станам адукацыі бацькі, а таксама запрошаны экспэрт дырэктар школы з 18-гадовым стажам, былы настаўнік і грамадзкі дзеяч Леанід Гаравы. Прадстаўляў кампанію “Народны рэфрэндум” старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

- Грамадзкія слуханьні па абраных у парадк дня “Народнага рэфэрэндуму” пытаньнях, сярод якіх і якасьць беларускай адукацыі, закліканыя даць магчымасьць шырокаму колу грамадзтва выказацца і прапанаваць найбольш адэкватныя крокі па вырашэньні праблемных момантаў у сацыяльна-эканамічным жыцьці краіны. Няўдзел у грамадзкіх абмеркаваньнях прадстаўнікоў улады яшчэ раз паказвае на іх стаўленьне да грамадзянскай супольнасьці і ейнага меркаваньня. А грамадзянская супольнасьць акурат мае на мэце даводзіць свой пункт гледжаньня па розных праблемных момантах, што існуюць у краіне. Вынаходзіць і прапаноўваць шляхі вырашэньня гэтых болевых кропак і ўдзельнічаць, кантраляваць усе гэтыя працэсы, – адзначыў на пачатку мерапрыемства Аляксей Янукевіч, распавядаючы пра хаду збору подпісаў за “Народны рэфэрэндум”.

Шырокае абмеркаваньне выклікалі вынікі цэнтралізаванага тэставаньня: каля 40% абітурыентаў ня здолелі набраць мінімальны бал – двойку з мінусам – па матэматыцы і фізіцы. “У атэстатах у дзяцей стаяць добрыя адзнакі, а тэсты правалілі. Хто за гэта адказны?”, – абураліся бацькі сёлетніх абітурыентаў.

На думку Леаніда Гаравога, гэтыя негатыўныя вынікі – сьледзтва крызіснага стану сярэдняй школы, калі настаўнікі ня хочуць працаваць за мізэрны заробак. Разам з тым і вучні ня маюць матывацыі здабываць веды, бо на рынку працы людзі з дыплёмам аб вышэйшай адукацыі атрымліваюць меней за гандляроў ці будаўнікоў. У гэтай сытуацыі варта не проста падымаць заробкі, але мяняць стаўленьне ўвогуле да прафэсіі настаўніка, уздымаць яго статус у грамадзтве.

У сваім выступе Леанід Гаравы адзначыў, што калі параўноўваць сусьветныя практыкі з беларускай, то яны разьвіваюцца ў процілеглых кірунках. “Рэальнасьць у тым, што беларуская школьная сыстэма не падвяргаецца параўнаньню зь іншымі краінамі, бо Беларусь не ўваходзіць у сыстэму Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненьняў вучняў (PISA), якая ўключае правядзеньне тэстаў з мэтай вывучэньня ўзроўню пісьменнасьці школьнікаў і іх уменьня прымяняць свае веды на практыцы.”

Даведка: Правяраецца ўзровень адукаванасьці навучэнцаў ва ўзросьце 15 гадоў, тэставаньне праводзіцца раз у тры гады. Упершыню рэйтынг PISA быў складзены ў 2000 годзе, і тады першы радок сярод эўрапейскіх краін у ім заняла сыстэма адукацыі Фінляндыі. Праз 14 гадоў сытуацыя практычна не зьмянілася. Вядучыя месцы сярод сыстэм адукацыі атрымалі таксама такія краіны, як Паўднёвая Карэя, Ганконг, Японія і Сінгапур.

Неад’емнай часткай сярэдняй адукацыі ў эўрапейскіх школах зьяўляецца профільнае навучаньне на трэццяй ступэні. “Але прынцыповым у параўнаньні школьных сыстэм з’яўляецца іншая парадыгма адукацыі ў аснове якой у цывілізаваных краінах ляжыць не адаптацыя моладзі да існуючай рэчаіснасьці, а фарміраваньне крэатыўнай і творчай асобы”, – падкрэсьліў экспэрт.

У часе дыскусіі былі выказаныя шэраг прапановаў, якія маглі б паспрыяць падвышэньню якасьці адукацыі. Вось некаторыя зь іх:

- павелічэньне стаўкі зарплаты заробкаў настаўнікаў да ўзроўня сярэдняй зарплаты па краіне, а затым на 20% вышэй;

- стварэньне супольнасьцяў экспэртаў па пытаньнях рэформы адукацыі;

- набор настаўнікаў з ВНУ з 25% выпускнікоў, якія маюць найлепшыя вынікі;

- выкарыстаньне сучасных інфармацыйных тэхналёгій у працы настаўнікаў і школ;

- разьвіцьцё сыстэмы рэальнага школьнага самакіраваньня з удзелам настаўнікаў, вучняў, бацькоў.

Разам з тым, нагадаў спадар Гаравы, крызіс сыстэмы школьнай адукацыі мае палітычныя карані і ня можа быць пераадолены пры існуючай уладзе, якая вядзе палітыку жорсткай цэнтралізацыі і адзяржаўленьня ўсіх сфэр жыцьця краіны.

Грамадзкія слуханьні ладзіліся ў межах кампаніі “Народны рэфэрэндум”.

Азнаёміцца з прапановамі экспэрта Леаніда Гаравога па рэформе школьнай адукацыі можна па спасылцы. //Narodny.org

#‎рэферэндум‬

Последние новости