Лента новостей Мнения

Тэст для дэпутатаў

18 Июля 2014, 22:32
551 просмотр, 1 комментарий

“Народны рэферэндум” ладзіць своеасаблівую праверку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на чуллівасць да волі народа.

На гэтым тыдні пачаліся нашы сустрэчы з тымі, каго звыкла называюць народнымі абраннікамі.

Па-першае, мы хочам высветліць, ці сапраўды дэпутаты адкрытыя для выбарцаў і маюць дасяжны графік прыёму. Па-другое, маем намер пры ўдзеле рэгіянальных актывістаў абмеркаваць з імі праблемы акругі, якую прадстаўляе той альбо іншы дэпутат. Па-трэцяе, мы прэзентуем “Народны рэферэндум”.

Бо ў хуткім часе, пры канцы жніўня, у Палату прадстаўнікоў будуць накіраваныя першыя з сабраных у падтрымку “Народнага рэферэндуму” 50 тысяч подпісаў. Нагадаем, іх наяўнасць — падстава для ініцыявання дэпутатамі плебісцыта.

Падчас шматлікіх сустрэчаў з людзьмі па Беларусі мы ўжо вывелі пэўны рэйтынг папулярнасці шасці пытанняў, якія складаюць парадак дня “Народнага рэферэндуму”. Цікава, якія з іх падаюцца вартымі для вынясення на ўсенароднае галасаванне тым, хто засядае ў Палаце прадстаўнікоў:

♦ Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

♦ Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

♦ Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам?

♦ Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

♦ Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

♦ Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?

На гэтым тыдні я ў складзе дэлегацыі “Народнага рэферэндуму” наведаў Магілеў. Нягледзячы на нячастыя прыёмы грамадзян тамтэйшымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, ажыятажу не назіралася. Выбарцы ішлі да дэпутатаў з мясцовымі пытаннямі, якія б маглі паспяхова вырашацца мясцовымі ўладамі пры ўмове іх самастойнасці і эфектыўнасці.

Мы звярнуліся да “народных абраннікаў” як з лакальнымі пытаннямі, так і з пытаннямі нацыянальнага маштабу. Дэпутаты выявілі сваю абазнанасць у мясцовых праблемах, на пытанні ж кампаніі “Народны рэферэндум” рэагавалі стрымана. Адчувалася, што інфармацыя для іх не новая, але сваё стаўленне, магчыма і негатыўнае, яны адкрыта выказаць не могуць: пад ініцыятывай стаіць жа 50 тысяч подпісаў, у тым ліку і іх выбарцаў.

Прызначаныя, але не абраныя на свабодных выбарах, яны разумеюць сваю ролю ў сістэме сённяшняй улады, таму радыя любой увазе, нават з боку апазіцыі. А для нас такія сустрэчы — реальная магчымасць яшчэ хоць на паўкрока наблізіць правядзенне “Народнага рэферэндуму”.

На 50 тысячах подпісаў “Народны рэферэндум” не спыняецца. Мэта не мяняецца — іх будзе сабрана паўмільёна.

Мы ўпэўненыя, што сёння прыхільнікі пераменаў, мірных і незваротных, ужо складаюць большасць беларусаў. Неабходна толькі аб’яднаць гэтую большасць і прымусіць уладу лічыцца з пазіцыяй актыўных і неабыякавых грамадзян.

Пацвярджаюць наш аптымізм і апошнія, чэрвеньскія, дадзеныя Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільня). Задавалася пытанне пра самы рэалістычны і пажаданы варыянт пераменаў. Палова апытаных назвала выбары, траціна згадала рэферэндум. Толькі 8% — вулічны пратэст.

Сярод тых, хто не давярае Лукашэнку, лічбы адпаведна такія: 29,2% вераць у выніковасць выбараў, 43,5% — у плён рэферэндума, 16% спадзяюцца на Плошчу.

На пытанне пра тое, ці павінны дэпутаты парламента падтрымаць 50 тысяч грамадзян, якія паставілі свае подпісы за "Народны рэферэндум", і абвясціць у Беларусі рэферэндум, 44,5% адказалі станоўча, а 37,5% адмоўна (18% устрымаліся). Прычым 31,7% рэспандэнтаў лічаць, што такі рэферэндум лепш правесці да канца 2014 года, звыш 20% — сумясціць з прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе, 15% — пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Зрэшты, ёсць варыянт, калі ініцыятары “Народнага рэферэндуму” гатовыя згарнуць ініцыятыву. Гэта калі ў 2015 годзе ў краіне з’явіцца новы прэзідэнт, які ў сваёй палітыцы ўлічыць яго змест і меркаванні сотняў тысяч грамадзян, якія падпішуцца “за”. Юрась ГУБАРЭВІЧ, Naviny.by

Последние новости