Лента новостей Аналитика

Супраць вертыкалі

13 Марта 2014, 16:41
801 просмотр, 1 комментарий

Замест прызначэння зверху – выбары праз свабоднае галасаванне. Грамадска-палітычная кампанія “Народны рэферэндум” прапаноўвае змены ў сістэме мясцовага самакіравання.

Актывісты сабралі дзеля іх падтрымання ўжо каля 45 тысяч подпісаў. Цяпер хочуць дамагчыся правядзення рэферэндуму паводле шэрагу пытанняў. Аднак старшыня ЦВК назвала ініцыятыву пазбаўленай юрыдычных падстаў, а яе удзельнікаў – парушальнікамі.

У нашай краіне нават начальства мясцовага ўзроўню асабіста прызначае прэзідэнт. Што такое паўнавартасная сістэма самакіравання, беларусы проста не ведаюць.

СВЯТЛАНА ГАЛЬДАДЭ, ЭКС-СТАРШЫНЯ ГОМЕЛЬСКАГА САВЕТУ ДЭПУТАТАЎ:

“У нас на месцах ёсць толькі дзяржаўная ўлада, якая цалкам падпарадкоўваецца прэзідэнту. Нават не Савету Міністраў, а менавіта прэзідэнту”.

Адмоўныя ж наступствы такой сістэмы відавочныя – пагаджаюцца апаненты ўлады, пабудаванай на прэзідэнцкай вертыкалі.

ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ
, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

“На гэты момант грамадства цалкам пазбаўленае магчымасці ўплываць на фармаванне мясцовай улады. Мы лічым, што сітуацыю трэба змяніць”.

Якім чынам? Грамадска-палітычная ініцыятыва “Народны рэферэндум” пытае жыхароў краіны. Ці згодныя вы, што кіраўнікоў выканкамаў гарадоў, раёнаў і вобласцяў трэба абіраць шляхам наўпроставага галасавання грамадзянаў? Гэта адно з пытанняў, якое прадстаўнікі кампаніі задаюць беларусам падчас вулічных пікетаў і сустрэчаў. Пазней яго плануюць вынесці на агульны рэферэндум пераменаў.

АНДРЭЙ ДЗМІТРЫЕЎ, «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:

“Людзі падтрымліваюць ідэю абірання мэраў. Яны хочуць, каб тыя былі адказныя перад імі, прымалі рашэнні і сапраўды мелі паўнамоцтвы”.

Сёння праблемаю заняліся ўдзельнікі адмысловага круглага стала. Адмыслоўцы і былыя прадстаўнікі мясцовай улады, што сабраліся ў Менску, пагаджаюцца ў адным: змены прыйдуць не адразу і выключна дзякуючы глыбокім і, у перспектыве, доўгатэрміновым рэформам усёй сістэмы самакіравання.

АНДРЭЙ ЗАВАДСКІ
, БЫЛЫ ДЭПУТАТ МЕНГАРСАВЕТУ:

“Заканадаўчая база для такога кроку яшчэ не падрыхтаваная. Мы апынемся ў сітуацыі, калі нават абраныя народам кіраўнікі будуць цалкам залежаць ад сённяшніх структураў дзяржаўнай улады. Яны не будуць займацца мясцовымі праблемамі, не будуць несці адказнасці перад грамадзянамі, а будуць дзеяць у межах выканаўчай вертыкалі”.

Хаця мусіць быць з дакладнасцю наадварот.

АНДРЭЙ ЗАВАДСКІ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ МЕНГАРСАВЕТУ:

“Розныя ўзроўні мясцовай улады мусяць быць незалежныя. Кожны ўзровень мусіць займацца сваймі функцыямі, мець сваю маёмасць і грошы. А вышэйшыя органы ніякага ціску ці ўплыву, акрамя як праз Канстытуцыю і судовае развязанне канфліктаў, не мусяць мець”.

Ці ўдасца давесці слушнасць такіх развязанняў да большай колькасці грамадзянаў? Ініцыятыва “Народны рэферэндум”, да якой далучыліся пяць апазіцыйных рухаў і партыяў, вялікія спадзевы ўскладае на апошнія тыдні кампаніі выбараў у мясцовыя саветы. Калі ідэю змены сістэмы самакіравання разам з іншымі прапановамі падтрымаюць пяцьдзесят тысячаў чалавек, адпаведныя патрабаванні перададуць у Палату прадстаўнікоў Беларусі. //"Белсат"

Последние новости