Лента новостей Мероприятия

Юрась Губарэвіч. РЭФЕРЭНДУМ. Пакеты пераменаў

07 Марта 2014, 21:08
737 просмотров, 0 комментариев

Маем 25 тысяч подпісаў у падтрымку правядзення «Народнага рэферэндуму».

Гэта палова ад той колькасці, якую запланавана сабраць на першым этапе. 50 тысяч подпісаў грамадзян будуць накіраваны ў Палату прадстаўнікоў з прапановай ініцыяваць рэферэндум пераменаў.

Прызнаюся, подпісы збіраюцца няпроста. Беларускае грамадства працягвае перабываць у апатыі. Але зварот да людзей з парадкам дня «Народнага рэферэндуму» выявіў, што значная частка народа мае цікавасць да альтэрнатыўных шляхоў развіцця краіны і жаданне выказаць сваю пазіцыю па тым альбо іншым праблемным пытанні.

Подпісы збіраюцца няпроста, але лягчэй, чымьсці збіраліся подпісы за вылучэнне актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты, сведчаць зборшчыкі. Таму што ў перспектыву «Народнага рэферэндуму» вераць болей, чымсьці ў плён мясцовых выбараў.

На збор 25 тысяч подпісаў спатрэбілася больш часу, чым меркавалася. Па ўласным досведзе скажу, што шмат у каго было жаданне падыскутаваць ледзь не па кожным пытанні, выказаць сваю думку тут і цяпер.

Пытанне 1: Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароў’я ўсе паслугі павінны аказвацца бясплатна?

Пытанне 2: Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

Пытанне 3: Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

Пытанне 4: Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

Пытанне 5: Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

Пытанне 6: Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011 і стварэнне працоўных месцаў?

Разам з тым, здаралася, што падтрымаўшыя ідэю «Народнага рэферэндуму», ухваліўшыя гэтыя пытанні, але абазнаныя ў юрыдычных нюансах заканадаўства выбарцы казалі, што не вераць у яе рэальнае ажыццяўленне. Напрыклад, сумнеў грунтаваўся на тым, што мы не зарэгістравалі нават ініцыятыўную групу, каб збіраць подпісы за правядзенне рэферэндуму.

Скептыкі ды праціўнікі «Народнага рэферэндуму» і раней закідалі, што яго правядзенне ў Беларусі немагчымае. Аднак і ў абсалютна неправавой дзяржаве ёсць механізмы ўплыву на ўладу, каб рэферендум аб пераменах адбыўся!

Паход да людзей ініцыятараў «Народнага рэферэндума» не мог не даць плёну. На адной з сустрэчаў прагучала ідэя таго, як дадаць кампаніі перамен юрыдычнай трываласці, эфектыўнай даўгагральнасці і, самае галоўнае, выніковасці.

Афіцыйна, паводле Выбарчага кодэксу, для абвяшчэння рэферэндуму неабходныя подпісы 450 тысяч грамадзян, прычым сабраць іх трэба за кароткі тэрмін — цягам двух месяцаў. А яшчэ каб улада зацвердзіла пытанні і прызначыла рэферэндум...

Сабраць амаль паўмільёна подпісаў за адведзеныя два месяцы мы не змаглі б, бо рэальна глядзім на рэчы. Але за больш доўгі час мы зможам сабраць іх. І нават болей.

Як? І што гэта дасць?

Стаўка зроблена на пастаяннае падвышэнне ўзроўню падтрымкі грамадствам «Народнага рэферэндуму». Мы даможамся рэферэндуму калі не паводле літары закону, дык дзякуючы духу закону!

Подпісы за перамены з патрабаваннем рэферэндуму збіраюцца ў адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян». На калектыўныя звароты з 30 і болей подпісамі грамадзян Адміністрацыя прэзідэнта і Палата прадстаўнікоў павінны паводле заканадаўства як мінімум даць адказы.

Такіх зваротаў будзе бесперапынная плынь цягам году. Уладу папросту закідаюць народнымі «пакетамі пераменаў».

Тады аформленая законным чынам воля народа набудзе моц. І ўлада не зможа адмахнуцца ад правядзення рэферэндуму.

Але трэба ісці да людзей. Да сотняў тысяч, да некалькіх мільёнаў. І мы ўжо пайшлі, бо ў кожным разе ў інтэрнет-форумах перамены не зладзіць!

P.S. Дарэчы, далучыцца да збору подпісаў можна кожны ахвотны: для гэтага дастаткова спампаваць з сайта «Народнага рэферэндуму»адмысловы падпісны аркуш і раздрукаваць яго.

Ахвотныя ж падпісацца за «Народны рэферэндум» могуць зрабіць гэта прама ў сябе дома! На сайце ініцыятывы праз спецыяльны сэрвіс трэба проста пазначыць свой адрас — і каманда «Народнага рэферэндуму» завітае да вас. //Naviny.by

Последние новости