Лента новостей Мероприятия

Супраць расійскіх баз і за "Народны рэферэндум"

03 Марта 2014, 18:59
533 просмотра, 0 комментариев

“Сёння расейскія вайсковыя базы – заўтра крымскі сцэнар”, “Расейскія вайскоўцы – прэч з Беларусі!”.

Пад такімі лозунгамі актывісты і кандыдаты ў дэпутаты Партыі БНФ у Берасці прынялі ўдзел у агітацыйным пікеце, які праводзілі 2 сакавіка актывісты дэмакратычных сіл.

Як адзначана на агітацыйных стэндах, Партыя БНФ рашуча асуджае расейскую ваенную агрэсію ў Крыме супраць украінскай дзяржавы і выказвае сваю поўную салідарнасць з народам Украіны, новым украінскім урадам і карэннымі жыхарамі Крыму ў іх імкненні захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ адзначыў, што выбаршчыкі актыўна падтрымлівалі антываенную пазіцыю партыі:

- У нас яшчэ жыве памяць пра ўсе жахі, якія прыносіць вайна. Натуральна, людзі не могуць нават уявіць, каб паміж нашымі бліжэйшымі суседзямі пачаўся узброены канфлікт, які можа закрануць і нашу краіну. Але для Беларусі гэта выразны прыклад, як расейскія ваенныя аб’екты могуць уплываць на палітыку нашай краіны. Крызісная сітуацыя ў Крыме, дзе з кожным днём расце напружанасць, выразна дэманструе, як расейскія ваенныя аб’екты на тэрыторыі іншай дзяржавы могуць ператварыцца ў плацдармы ваеннай агрэсіі. Мы рашуча выступаем за вывад усіх расейскіх ваенных аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі, – адзначыў Дзмітрый Шыманскі.

Нагадаем, адно з шасці пытанняў "Народнага рэферэндуму" гучыць так:

Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

Пікет, які цягнуўся 2 гадзіны, выклікаў вялікую ўвагу выбаршчыкаў. Актывісты Партыі БНФ таксама раздавалі партыйны бюлетэнь, збіралі подпісы за правядзенне Народнага рэферэндуму, размаўлялі з выбаршчыкамі наконт лакальных праблем мікрараёна.

У пікеце бралі ўдзел таксама актывісты і кандыдаты ў дэпутаты Берасцейскага гарсавета ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Партыі левых “Справядлівы свет”. //"Дзедзіч"

Последние новости