Лента новостей Мероприятия

Першыя подпісы "Народнага рэферэндуму"

29 Января 2014, 11:58
558 просмотров, 2 комментария

Першыя 5 тысяч подпісаў сабраны актывістамі “Народнага рэферэндуму” у падтрымку ініцыятывы.

Гэта другі этап кампаніі пасля вызначэння парадку дня рэферэндуму з шасці пытанняў, які прыпадае на выбары ў Саветы мясцовых дэпутаў, што адбудуцца 23 сакавіка.

Зборам подпісаў за “Народны рэферэндум” займаюцца перадусім каманды кандыдатаў у дэпутаты ад партый і арганізацый, што ініцыявалі яго ці далучыліся. Гэта - Партыя БНФ, кампанія “Гавары праўду!”, Рух “За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу.

“Кандыдаты ад ”Народнага рэферэндуму” бяруць удзел у мясцовых выбарах і ў зборы подпісаў у падтрымку “Народнага рэферэндуму” ў 64 гарадах па ўсёй Беларусі. Але подпісы будуць збірацца не толькі ў тых населеных пунктах, дзе кандыдуюць прадстаўнікі партый і арганізацый, падтрымаўшых ”Народны рэферэндум”. Колькасць нашых кандыдатаў будзе агучана пасля працэдуры рэгістрацыі”, - распавядае першы намеснік старшыні Руху ”За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Усе кандыдаты ў дэпутаты “Народнага рэферэндуму” ідуць на выбары з агульным мэсіджам. Сутнасць яго палягае на тым, што Беларусі патрэбны новы рэферэндум, на якім народ сваім рашэннем вызначыць далейшае развіццё краіны. “Народны рэферэндум” - гэта законнае права грамадзян выказацца, права быць пачутымі, заслужаны шанец на перамены, на вяртанне павагі да сябе з боку ўлады, на магчымасці ў надзейнай дзяржаве.

“Канцэпцыя – перамены на месцах, перамены ў краіне. І мы кажам пра магчымасць пераменаў праз “Народны рэферэндум”, - кажа намеснік кіраўніка грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў.

Нагадаем, подпісы грамадзян збіраюцца пад наступнымі пытаннямі:

Пытанне 1: Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі павінны аказвацца бясплатна?

Пытанне 2: Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

Пытанне 3: Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

Пытанне 4: Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

Пытанне 5: Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

Пытанне 6: Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011 і стварэнне працоўных месцаў?

“Нарэшце апазіцыя занялася канкрэтнай справай, узняла пытанні, якія цікавыя людзям”, - лічыць намеснік старшыні БСДП (Грамада) Валерый Фралоў.

Гэтыя пытанні будуць удакладняцца да фармату праектаў рэформаў з удзелам экспертаў. Інфармацыйная кампанія па пытаннях ”Народнага рэферэндуму” будзе расцягнутая па часе, распавядае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч: “У лютым і сакавіку акцэнт будзе на выбарах, у тым ліку мэраў, у красавіку і траўні – на медыцыне і адукацыі, у чэрвені і ліпені – на стасунках з ЕС, у жніўні і верасні – на “ваенным” пытанні №4,у кастрычніку і лістападзе – на пытанні №6”.

Пытанні, якія засталіся па-за гэтым Топ-6, будуць дапрацоўвацца ў межах “Народнай праграмы” (prahrama.by).

Спачатку плануецца сабраць 50 тысяч подпісаў, якія плануецца перадаць у Палату прадстаўнікоў. Наступная мэта – 500 тысяч подпісаў. Мяркуецца, што дзеля гэтага актывісты і валанцёры ініцятывы абыдуць 1 мільён 200 тысяч кватэраў беларусаў.

Далучыцца да збору подпісаў можна кожны ахвотны: для гэтага дастаткова спампаваць з сайта “Народнага рэферэндуму” – (referendumby.org) адмысловы падпісны аркуш і раздрукаваць яго.

Ахвотныя ж падпісацца за “Народны рэферэндум” могуць зрабіць гэта прама ў сябе дома! На сайце ініцыятывы праз спецыяльны сэрвіс трэба проста пазначыць свой адрас – і каманда “Народнага рэферэндуму” завітае да Вас.

Таксама на сайце “Народнага рэферэндуму” ў online-рэжыме будзе весціся падлік сабраных подпісаў.

Последние новости