Лента новостей СМИ о Референдуме

«Такога мы ніколі раней не рабілі»

20 Декабря 2013, 21:59
788 просмотров, 1 комментарий

Агучаны шэсць пытанняў, якія былі сфармуляваныя па выніках падрыхтоўкі «Народнага рэферэндума».

Па словах удзельнікаў, для вызначэння праблем, якія хвалююць грамадства, было апытана больш за 20 тысяч жыхароў Беларусі. Пытанні фармуляваліся падчас вандровак актывістаў кампаніі па гарадах і мястэчках Беларусі летам і восенню 2013 года.

– Першапачаткова было сфармулявана 30 тэм. Мы іх абмяркоўвалі з экспертамі і актывістамі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. У фінале былі вылучаны 10 пытанняў, якія мы мусілі сфармуляваць, пазбягаючы занадтай палітызацыі і папулізму. Пачаткова размова ішла пра пяць фінальных пытанняў, але цягам адбору спыніліся на шасці праблемах, якія сёння хвалююць беларускае грамадства, – распавёў лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Пытанне 1: Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароў’я ўсе паслугі павінны аказвацца бясплатна?

– Куды б мы не прыязджалі, нам казалі пра два пытанні – ахову зароў’я і адукацыю, – сказаў намесні кіраўніка “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў. – Людзі казалі, што дзяржава робіць бізнэс на адукацыі і ахове здароў’я, замест таго каб рабіць гэтыя галіны больш даступнымі.

Пытанне 2: Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

– 80 % пытанняў датычылі мясцовых праблем. Людзі казалі аб тым, што мясцовая ўлада сляпая і глухая да сваіх грамадзян, – падкрэсліў першы намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Пытанне 3: Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

– Я думаў што гэта пытанне не будзе вынесена ў рэферэндум, – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – Перадусім у гэтым пытанні мы вядзем размову пра наладжванне нармальных адносін з Еўразвязам і безвізавую прастору.

Пытанне 4: Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

– Беларусы ўмеюць ваяваць, але не хочуць гэта рабіць, тым больш за чужыя інтарэсы, – абгрунтаваў пытанне старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Пытанне 5: Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

– Гэта было нават больш рэйтынгавае пытанне, чым усе астатнія. Людзі казалі – ну хоць мы і галасавалі за яго, але папрацаваў трохі, хай дасць і другім папрацаваць, – з гумарам патлумачыў выбар пытання Уладзімір Някляеў.

Пытанне 6: Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011 і стварэнне працоўных месцаў?

– Ужо зараз можна адзначыць, што палітычная кампанія “Народны рэферэндум” запатравала ад яе ўдзельнікаў значна больш высілкаў чым прэзідэнцкая. Паспяховасць “Народнага рэферэндума” будзе вырашаць не толькі лес прэзідэнцкіх, парламенцкіх ці мясцовых выбараў, але і развіццё краіны цалкам, – адзначыў лідар “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.

Адразу на прэс-канферэнцыі стартаваў збор подпісаў у падтрымку “Народнага рэферэндума”. Палітыкі і актывісты палітычнай кампаніі прапанавалі прысутным журналістам пакінуць свае подпісы ў падтрымку рэферэндума.

– Гэта абсалютна новая праца, мы такога раней ніколі не рабілі. Дзеля 500 тысяч подпісаў актывістам і валанцёрам рэферэндуму трэба будзе абыйсці як мінімум 1 мільён 200 тысяч кватэр. Раней мы рабілі прэзідэнцкія кампаніі так: ёсць кандыдат, зрабілі ініцыятыўную групу і пабеглі. Зараз жа вядзецца вельмі грунтоўная і вялікая праца. Натуральна, што вынік будзе,– падсумаваў Андрэй Дзмітрыеў. //"Салідарнасць"

Последние новости