Лента новостей Мероприятия

Пакінутыя па-за пяцёркай пытанні "Народнага рэферэндуму" распрацуюць у "Народнай праграме"

04 Декабря 2013, 21:41
567 просмотров, 0 комментариев

Стартаваў чарговы, прымеркаваны да мясцовых выбараў 23 сакавіка 2014 году, этап "Народнай праграмы".

Гэта ініцыятыва па выпрацоўцы "дарожных мапаў" рэформаў у розных галінах, якія складаюцца з дапамогай экспертнага і грамадскага абмеркавання.

Як паведамілі ініцыятары "Народнай праграмы" на адмысловай прэсавай канферэнцыі, у выніку сацыялагічнага апытання на замову Руху "За Свабоду" былі вызначаны восем праблемных тэмаў, якія хвалююць грамадзян Беларусі – патэнцыйных выбаршчыкаў. Гэта паводле працоўных назваў – "Працэдура і ўмовы прыватызацыі горадаўтваральных прадпрыемстваў"; "Якім чынам павінны прымацца рашэнні аб будаўніцтве шкодных вытворчасцяў?"; "Захады па павышэнні якасці паслуг у галіне ЖКГ"; "Ці варта абіраць кіраўнікоў выканаўчай улады адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі усеагульным галасаваннем жыхароў гэтай адзінкі?"; "Рэформа сістэмы сярэдняй адукацыі"; "Неабходныя меры па развіцці прыватнага прадпрымальніцтва"; "Якія меры неабходныя для хутчэйшага вырашэння жыллёвай праблемы ў Беларусі?"; "Прыватная ўласнасць на зямлю".

Эксперты па кожнай з гэтай тэмаў рыхтуюць свой аналіз сітуацыі ў адпаведнай галіне і прапановы па рэфармаванні. Дзве тэмы – "Выбарнасць мэраў" і"Прыватная ўласнасць на зямлю" – ужо выкладзеныя на сайт ініцыятывы prahrama.by для абмеркавання ўсіх зацікаўленых асобаў. Адбыліся і два круглыя сталы з удзелам іншых экспертаў, прысвечаныя рэформе мясцовага самакіравання і зямельнай рэформе. Апрача інтэрнет-абмеркаванняў і экспертных круглых сталоў, будуць выдадзены тэматычныя бюлетэні, якія разашлюцца ў тым ліку ў профільныя рэспубліканскія і мясцовыя ведамствы, а таксама іншым прадстаўнікам улады.

Наступная тэма, якая з’явіцца на сайце "Народнай праграмы" днямі, – жыллёва-камунальная гаспадарка.

На канчатковым этапе тэзісныя прапановы па згаданых праблемах увойдуць у праграмы кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Мяркуецца, што да выбаршчыкаў, выкарыстоўваючы планы рэформаў "Народнай праграмы" з лакальнай адаптацыяй, звернуцца бліжэйшымі месяцамі каля 270 кандыдатаў.

На пытанні журналістаў адказвалі старшыня Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, першы намеснік старшні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, намеснік старшні Руху "За Свабоду" Алесь Лагвінец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Прадстаўнікоў СМІ цікавіла, як суадносяцца "Народная праграма" і " Народны рэферэндум", наколькі гэтыя ініцыятывы будуць карысныя дэмакратычным кандыдатам падчас выбарчай кампаніі у мясцовыя органы улады, на якія вынікі разлічваюць палітыкі пасля выбараў 2014 года.

Першы намеснік Руху "За Свабоду", каардынатар "Народнай праграмы" Юрась Губарэвіч кажа, што яна не ёсць платформай толькі для кандыдатаў, блізкіх да Руху ці партнёрскіх структур: "Народная праграма" адкрытая і даступная для выкарыстання ўсім ахвотным, хто стаіць на рэфармісцкіх пазіцыях. Напрыклад, на парламенцкіх выбарах 2012 году "Народная праграма", дакладней распрацаваныя ў яе межах каля 30 накірункаў, стала грунтам для праграмаў 49 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – то бок, на палове выбарчых акругаў".

Часта задаюцца пытанні пра перасячэнне "Народнай праграмы" і "Народнага рэферэндуму".

"У нейкай ступені і на аснове "Народнай праграмы" паўстала ініцыятыва "Народны рэферэндум", якая ў выніку сканцэнтруецца на пяці пытаннях з прапановай да людзей гуртавацца дзеля дасягнення пераменаў. Пытанняў на "Народны рэферэндум" прапанавана багата, па тых, што застануцца па-за фінальнай пяцёркай будуць распрацоўвацца планы рэформаў у адпаведных сферах у межах "Народнай праграмы". Яны вылучаны народам, і іх нельга ігнараваць, мы павінны не толькі канстатаваць нейкую праблему, але і прапанаваць яе вырашэнне", – кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Последние новости